Рыгор Кастусёў: «Калі вырашылі выжыць, то хай выжываюць сілаю»


Калегія гаспадарчага суда Менску адмовілася задаволіць касацыйную скаргу Партыі БНФ на рашэнне па пазове ЖРЭА аб высяленні арганізацыі з офісу. Гэткім чынам, рашэнне суда аб высяленні набыло моц, і цяпер ад партыі на законных падставах могуць патрабаваць вызваліць сядзібу.

Аднак намеснік старшыні ПБНФ Рыгор Кастусёў заявіў, што партыя здавацца не збіраецца і падасць скаргу ў Найвышэйшы гаспадарчы суд: «Адназначна заяўляю, што самі высяляцца з гэтага офісу мы не будзем, і калі ўлады вырашылі нас адтуль выжыць, няхай выжываюць сілаю. Няхай паглядзяць беларуская грамадскасць і сусветная супольнасць, на якія захады ідуць улады Беларусі, каб пазбавіць рэгістрацыі Партыю БНФ і грамадскае аб’яднанне БНФ “Адраджэньне”. Бо без офісу, без юрыдычнага адрасу – рэальная пагроза ліквідацыі і партыі, і аб’яднання як зарэгістраваных структураў».

Нагадаем, гаспадарчы суд Менску 10 траўня прыняў рашэнне выселіць Партыю БНФ, грамадскае аб’яднанне “БНФ “Адраджэньне”, а таксама іх менскія гарадскія і абласныя структуры са сталічнага офісу па праспекце Машэрава, 8. Гэтае памяшканне арганізацыі займалі з 1992 года. Тэрмін арэнды скончыўся 31 сакавіка 2011 года. З пазовам аб высяленні структураў Партыі БНФ выступіла ЖРЭА Савецкага раёну Менску, растлумачыўшы нежаданне працягваць дамову неабходнасцю далейшага выкарыстання памяшкання “для ўласных патрэбаў”.

belsat.eu

Стужка навінаў