Паплечнікі Алега Бябеніна заклікаюць еўрапейскі бок да аб’ектыўнасці


Эксперты-крыміналісты з АБСЕ сёння прыбылі ў Менск. Спецыялісты ў галіне судмедэкспертызы і крыміналістыкі са Швецыі ды Нарвегіі будуць вывучаць матэрыялы справы аб смерці журналіста – заснавальніка сайту “Хартыя’97” Алега Бябеніна.

Афіцыйны Менск заяўляе, што гатовы даць еўрапейскім экспертам усю неабходную інфармацыю па справе. У Генеральнай пракуратуры таксама не выключаюць, што могуць правесці эксгумацыю нябожчыка.

Актывіст кампаніі “Еўрапейская Беларусь”, паплечнік Алега Бябеніна Аляксандр Атрошчанкаў, гаворыць, што ні з прадстаўнікамі “Хартыі’97”, ні з калегамі Алега Бябеніна эксперты з АБСЕ пакуль не звязваліся.

Аляксандр Атрошчанкаў спадзяецца, што расследаванне будзе сапраўды аб’ектыўным, хоць ёсць і падставы сумнявацца ў гэтым. “Беларускі бок ужо запрашаў еўрапейскага эксперта. Гэта датычыла справы палітзняволенага Мікалая Аўтуховіча. Спецыяліст з Нямеччыны тады абмежаваўся толькі вывучэннем афіцыйных матэрыялаў справы і на гэтым пабудаваў усе свае высновы”, – нагадаў Аляксандр Атрошчанкаў.

belsat.eu

Стужка навінаў