Пракаповіча адсунулі


Выканальнікам абавязкаў старшыні Праўлення Нацыянальнага банку Беларусі прызначылі першага намесніка старшыні праўлення НБ Юрыя Алымава.

Аднак яшчэ ў пятніцу, 18 чэрвеня, Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі для медыяў заявіў, што Пятра Пракаповіча замяніць няма кім. На шчасце, замена знайшлася. Кадравыя ратацыі тлумачаць тым, што кіраўніку Нацбанку Пятру Пракаповічу спатрэбіцца медычная рэабілітацыя пасля складанай аперацыі на сэрцы.

Пра Юрыя Алымава вядома няшмат. Новы кіраўнік Нацбанку нарадзіўся ў 1957 г. на тэрыторыі цяперашняга Кыргызстану. Скончыў Ленінградскі фінансава-эканамічны інстытут імя Вазнясенскага, працаваў у Светлагорску.

У 1993–1997 гг. Алымаў быў намеснікам гомельскага абласнога кіраўніка «Беларусбанку», потым пераехаў у Менск, дзе атрымаў пасаду намесніка старшыні Нацбанку. У Нацбанк ён прыйшоў разам з Пятром Пракаповічам у 1998 г. і нічым асаблівым не вызначыўся. «Гэта ціхі выканаўца, пра якога я не магу сказаць нічога – ні добрага, ні дрэннага», – гэтак ахарактарызаваў Юрыя Алымава экс-кіраўнік Нацбанку Станіслаў Багданкевіч.

Чакаць, што пры новым кіраўніку палітыка Нацбанку зменіцца, не выпадае, упэўнены эканамічны аналітык Сяргей Чалы: «Нацбанк у нашай краіне – структура несамастойная». Да таго ж, паводле эксперта, Юрый Алымаў як намеснік і курыраваў манетарную палітыку і плацежны баланс, то бок займаўся ўсімі тымі сферамі, якія цяпер у глыбокім крызісе.

belsat.eu

Стужка навінаў