Міністры замежных справаў ЕЗ прынялі рашэнне ўвесці эканамічныя санкцыі супраць Беларусі.


Яны дамовіліся замарозіць рахункі трох кампаніяў, падкантрольных Аляксандру Лукашэнку, паведамляе «Reuters» са спасылкаю на дыпламатычныя крыніцы ў Еўразвязе.

Рада ЕЗ таксама прыняла рашэнне дадаць некалькіх беларускіх бізнесоўцаў і чыноўнікаў у спіс неўязных у Еўразвяз. Рашэнне прымалася з мэтай «узмацніць фінансавы ціск на ўрад, каб ён перастаў душыць апазіцыю», паведамляе агенцтва «Reuters».

Пакуль не называюцца ні імёны новых неўязных, ні назвы кампаніяў, што трапілі пад санкцыі. Тым не менш, на днях інтэрнэт-выданне «EUobserver» паведаміла са спасылкаю на надзейныя крыніцы ў Бруселі, што гаворка ідзе пра тры кампаніі, звязаныя з прадпрымальнікам Уладзімірам Пефціевым. Гэта аператар рэспубліканскай латарэі «Спорт-пари», інвестыцыйная фірма «БТ Тэлекамунікацыі» ды экспарцёр ўзбраення «Белтэхэкспарт». Акрамя таго, Рада ЕЗ прыняла рашэнне абмежаваць беларускі экспарт узбраення.

У афіцыйнай справаздачы па выніках сустрэчы гаворыцца, што ЕЗ «рашуча асуджае затрыманні, судовыя працэсы і вынясенне прысудаў з палітычных матываў у дачыненні прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, незалежных медыяў і палітычнай апазіцыі, у тым ліку былых кандыдатаў на прэзідэнцтва Някляева, Рымашэўскага, Саннікава, Статкевіча і Вуса пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года», а таксама асуджае пагаршэнне сітуацыі са свабодай медыяў у Беларусі, судовы працэс Міністэрства інфармацыі аб закрыцці найбуйнейшых беларускіх незалежных газетаў «Нашай Нівы» і «Народнай Волі», суд над журналістам Андрэем Пачобутам і пазбаўленне ліцэнзіі радыёстанцыі «Аўтарадыё».

У звязку з гэтым «Рада пагадзілася, што распаўсюджанне дзейнасці Еўрапейскага інвестыцыйнага банку на Беларусь мае адбыцца толькі пры ўмове і тады, калі ЕЗ здолее даць дастаткова станоўчую ацэнку сітуацыі ў галіне правоў чалавека і вяршэнства закону». Такім чынам, пакуль афіцыйны Менск не выканае патрабаванняў Рады Еўразвязу, Беларусь не зможа разлічваць на новыя крэдыты.

belsat.eu

Стужка навінаў