Мікалай Статкевіч «адаптуецца да новых умоваў»


Грамадзянская жонка палітзняволенага Марына Адамовіч атрымала першы ліст са Шклоўскай калоніі.

Як распавяла «Белсату» Марына Адамовіч, Мікалай Статкевіч паведамляе, што этап у калонію не быў цяжкі – арыштаваных завезлі туды за адну ноч: «Піша, што цяпер адаптуецца да новых умоваў. Пра тое, якая гэта асалода дыхаць свежым паветрам, бачыць неба, дрэвы і траву». Жанчына гаворыць, што Мікалай Статкевіч апісвае побытавыя ўмовы ў калоніі як «добрыя». «Але пасля паўгода ўтрымання ў камеры без сонца і паветра, нават і ў калоніі ўсё будзе здавацца цудоўным», – зазначае Марына Адамовіч.

Жанчына гаворыць, што разгляд касацыйнай скаргі на прысуд Мікалаю Статкевічу пакуль не прызначаны. Суддзя Людміла Грачова, тым не менш, адмаўляе родным у спатканні з палітвязнем.

Міжтым Арганізацыя аб’яднаных нацыяў запатрабавала ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць Мікалая Статкевіча. Дачка палітыка Кацярына Статкевіч атрымала ліст з Працоўнай групы ААН у пытанні неабгрунтаваных затрыманняў. У ім пазначаецца, што пазбаўленне Мікалая Статкевіча свабоды было адвольнае, тым самым афіцыйны Менск парушыў шэраг артыкулаў Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і міжнародных пактаў у галіне правоў чалавека. Працоўная група просіць улады Беларусі ўжыць неабходныя захады для выпраўлення сітуацыі – неадкладна вызваліць Мікалая Статкевіча і выплаціць яму адэкватную кампенсацыю.

Экс-кандыдат на прэзідэнта Мікалай Статкевіч быў асуджаны на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пакаранне палітык адбывае ў Шклоўскай калоніі.

belsat.eu

Стужка навінаў