Гісторыя Беларусі ў трафарэтах


“Белсат” узяў інтэрв’ю ў аўтара стэнсілаў з выявамі вядомых беларусаў.

Стэнсілы (трафарэты) – падклады, якія выкарыстоўваюць для вулічных графіці, каб малюнак быў выразны і яго можна было хутка паўтарыць шмат разоў.

За чатыры гады мастак Зміцер зрабіў стэнсілы з партрэтамі трыццаці вядомых людзей, якія пакінулі след у беларускай гісторыі. Першаю спробаю стала выява “Пагоні”. Рабіў таксама серыі на сацыяльныя тэмы – экалогія, наркотыкі.

“Калі праглядаў у інтэрнэце працы розных мастакоў, заўважыў, што шмат хто імкнецца падкрэсліць, з якой краіны яны паходзяць, бачыў розных самураяў, – распавядае Зміцер. – Мне прыйшла такая добрая ідэя: чаму б праз гэткую штуку не зрабіць серыю працаў пра нашых вядомых людзей. Спачатку зрабіў шэсць стэнсілаў, прысвечаных князям. Думаў, на гэтым спынюся, але потым было 80-годдзе Караткевіча, і я прысвяціў стэнсіл яму”.

Як вынік, паўстала цэлая серыя працаў, а Зміцер пачаў пакідаць выявы не толькі на вуліцах Менску, але і па-за межамі сталіцы. Найбольш запомнілася паездка ў Горадню, дзе стэнсілы з гістарычнымі славутасцямі дзякуючы архітэктурнаму антуражу выглядаюць зусім інакш.

Зміцер мяркуе, што сваёй мэты – папулярызаваць гісторыю Беларусі – ён дасягнуў: у сацыяльных сетках ён пачаў знаходзіць фотаздымкі простых беларусаў побач з ягонымі працамі.

belsat.eu

Стужка навінаў