Уладзімір Мацкевіч: Найгорш будзе ўвосень


“За сямнаццаць гадоў я не памятаю станоўчых момантаў, а за гэтыя паўгода і ўвогуле нічога станоўчага не было. У краіне фактычнае надзвычайнае становішча”, – мяркуе палітолаг Уладзімір Мацкевіч.

Паводле яго, галоўная прычына цяперашняй сітуацыі ў краіне – “бязглуздая, нямэтанакіраваная дзяржаўная і эканамічная палітыка рэжыму”. Крызіс закранае прыватнае жыццё кожнага чалавека, таму нельга “не звяртаць увагі на тыя глупствы, якія вырабляла ўлада”, – лічыць Мацкевіч.

Адсюль і сацыяльныя пратэсты. “Пачалося з таго, што падае ўзровень жыцця, але ж падзенне гэтага ўзроўню закранае якасць і лад жыцця. І сацыяльныя пратэсты, выбухі насельніцтва – яны пачынаюцца не тады, калі зніжаецца ўзровень жыцця. Зніжэнне ўзроўню, нават досыць вялікае, можна перажыць, калі гэта не закранае ладу і якасці жыцця – не закранае тых, ужо неабходных, частак прыватнага жыцця кожнага чалавека. Гэта і спажыванне нейкіх тавараў, гэта і адукацыя, і ахова здароўя, і гэта, як ні дзіўна, адпачынак. І цяпер людзі вымушаныя выбіраць, ад чаго адмаўляцца. Гэта не скарачэнне проста спажывецкіх патрэбаў – гэта змена ладу жыцця”.

Уладзімір Мацкевіч мяркуе, што самая цяжкая пара нас чакае на пачатку восені. “Калі людзі выйдуць з адпачынку на заводы, якія не запрацуюць, яны будуць патрабаваць адказу: чаму? Калі студэнты прыйдуць, і ад іх запатрабуюць платы за навучанне, а ні іхныя бацькі, ні яны самі не здольныя будуць плаціць… Гэтыя працэсы – яны хоць і хутка адбываюцца ў гэтыя паўгода, але ж яны павольныя, яны размеркаваныя паводле месяцаў, і самы цяжкі час, напэўна, нас чакае ў верасні ды кастрычніку”, – кажа палітолаг.

belsat.eu

Стужка навінаў