Расея пагражае перагледзець крэдытную палітыку


Прычына – парушэнні з боку афіцыйнага Менску пагадненняў у межах Мытнага саюзу. Міністэрства эканамічнага развіцця Расеі можа выступіць за перагляд крэдытнай супрацы з Беларуссю, калі пазіцыя афіцыйнага Менску што да абмежавання імпарту не зменіцца.

Пра гэта журналістам заявіў намеснік міністра эканамічнага развіцця РФ Андрэй Сляпнёў 18 чэрвеня ў Санкт-Пецярбурзе, дзе праходзіць міжнародны эканамічны форум.

Чыноўнік паведаміў, што ў Менск накіравалі запыт на афіцыйныя кансультацыі, бо “захады, якія робяцца цяпер дзеля абмежавання крэдытавання, абмежавання на пакупку валюты, абмежавання прыватных прадпрымальнікаў, якія набываюць расейскія камплектавальныя, – гэта груба парушае тыя пагадненні, якіх мы дасягнулі ў межах Мытнага саюзу і зоны свабоднага гандлю, і тое, што плануецца з 1 студзеня [маецца на ўвазе функцыянаванне Адзінай эканамічнай прасторы]”, –цытуе Сляпнёва “РИА Новости”.

У чэрвені ў Менску падпісалі пагадненне аб вылучэнні Беларусі стабілізацыйнага крэдыту памерам $ 3 млрд з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, болей за палову капіталу якога складае ўнёсак Расеі. Афіцыйная Масква запэўнівала, што першы транш – $ 800 млн – Беларусь атрымае ўжо ў чэрвені.

belsat.eu

Стужка навінаў