“У нас беспрацоўных уважаюць не зусім сацыяльнымі элементамі – хутчэй антысацыяльнымі. Кіраўніцтва нашай краіны мяркуе, што беспрацоўныя таму беспрацоўныя, бо не хочуць рабіць – а не таму, што не могуць знайсці той працы, якая ім патрэбная”, – падкрэсліў Аляксандр Сасноў.
Тым часам афіцыйная статыстыка беспрацоўя ўражвае – усяго 0,7 %. Паводле былога міністра працы Аляксандра Саснова, гэтага ўдалося дасягнуць выключна праз маніпуляцыі са статыстыкаю. “Сапраўдных лічбаў ніхто не ведае, бо ў Беларусі не ўжываюцца захады дзеля вызначэння колькасці беспрацоўных. У Беларусі беспрацоўнымі лічаць толькі тых, хто з’явіўся ў службу занятасці і стаў на ўлік”, – дадаў Аляксандр Сасноў.
Былы міністр працы падкрэслівае, што служба занятасці ды фонд сацыяльнай абароны насельніцтва – толькі дапаможныя органы і перамагчы беспрацоўя не могуць. “Галоўнае зусім не ў гэтым. Галоўнае – рэфармаваць эканоміку, – гаворыць Аляксандр Сасноў. – Яшчэ дваццаць гадоў таму казалі: калі не будзе рэформаў – рана ці позна здарыцца тое, што цяпер пачало адбывацца. І яе не выправіш ні “андропаўскімі” спосабамі, ні паборамі з тых, хто з’ехаў з краіны”.
Адносна беларусаў, якія з’язджаюць працаваць за мяжу, Аляксандр Сасноў не падзяляе гледзішча беларускага кіраўніцтва. “Гэта экспарт працоўных рэсурсаў, яны адтуль вязуць валюту, валюта ідзе ў нашую краіну. Радавацца трэба”, – дадаў эксперт.
belsat.eu