Павал Латушка раскрытыкаваў рэкламу беларускага турызму


І парэкамендаваў ствараць прэзентацыйныя ролікі і турыстычныя кварталы ў гістарычных мясцінах.

На супольным паседжанні Міністэрства культуры і Міністэрства спорту і турызму кіраўнікі ведамстваў Павал Латушка і Алег Качан звярнулі ўвагу на тое, што гісторыя і традыцыі Беларусі слаба прадстаўленыя для замежных турыстаў. Чыноўнікі прызналі, што не стае якаснай рэкламы, буклетаў на замежных мовах, аўдыягідаў і тэматычных відэаролікаў. Сярод праблемаў, якія закранулі міністры, – адсутнасць зонаў аховы на аб’ектах архітэктуры. Гэта моцна замаруджвае развіццё інфраструктуры. Таксама міністры абмеркавалі магчымасць павялічэння часу працы музеяў і галерэяў.

«Напрыканцы было прынятае рашэнне распрацаваць праекты турыстычных кварталаў, выкарыстоўваючы нежылыя памяшканні на першых паверхах будынкаў у гістарычных зонах населеных пунктаў. Будуць створаныя прэзентацыйныя ролікі і дакументальныя фільмы пра найбольш значныя помнікі культуры і архітэктуры Беларусі. Таксама ў Горадні, Гальшанах, Наваградку, Нясвіжы і Міры пачнуць працаваць анімацыйныя праграмы, якія мусяць зацікавіць турыстаў», – паведаміла прэсавы сакратар Міністэрства культуры Ганна Смольская.

Эксперты ж лічаць, што ў Беларусі так і не сфармаваўся імідж турыстычная краіны. «Перш чым да нас хтосьці прыедзе, трэба даць чалавеку інфармацыю, – упэўненая PR-кансультант Вера Капцякова. – А што адбываецца цяпер? Максімум інфармацыя ёсць на «Вікіпедыі», але яна адлюстраваная няпоўна. Няма асаблівасці – у чым для англічаніна разынка Беларусі, каб ён абмінуў Польшчу, Літву і ўсё ж даехаў да нас? Вось над чым трэба працаваць». На меркаванне дырэктара выдавецтва «Рыфтур» Сяргея Плыткевіча, пазіцыянаванне Беларусі за мяжой як апошняй дыктатуры Еўропы таксама неспрыяльна ўплывае на турызм: «Турысты задаюць пытанне: «А як да вас даехаць, а нас там не арыштуюць?» Гэта смешна з нашага боку, а з іншага боку гэта гаворыць пра тое, што дзяржава, турыстычныя ўлады не дапрацоўваюць. Пакуль не будзе спрыяльнага іміджу Беларусі, разлічваць на турыстаў немагчыма».

belsat.eu

Стужка навінаў