34-ты дзень пратэстаў. Галоўнае

Belsat.eu падводзіць вынікі 34-га дня пратэстаў у Беларусі.

Затрыманні каля Менскага абласнога суду. Скрыншот з відэа Радыё Свабода

Пратэсты і затрыманні

У Менску 11 верасня прайшоў шэраг лакальных акцыяў пратэсту.

Не менш за шэсць чалавек былі затрыманыя падчас акцыі салідарнасці каля Менскага абласнога суду, дзе праходзілі слуханні па пазове «Беларуськалія» да страйкаму прадпрыемства.

Увечары адбыліся жорсткія затрыманні ўдзельніц жаночай акцыі салідарнасці каля Чырвонага касцёла – у тым ліку непасрэдна на ўваходзе ў касцёл.

Таксама ўвечары акцыі салідарнасці праходзілі ў Шабанах, Серабранцы, Зялёным Лузе, Уруччы, Новай Баравой, Малінаўцы і іншых мікрараёнах Менску. Паводле відавочцаў, у Шабанах былі затрыманыя не менш за 10 чалавек.

Пабег у амбасаду Швецыі

Двое жыхароў Віцебску – Віталь і Уладзіслаў Кузнечык – вырашылі папрасіць палітычнага прытулку ў амбасадзе Швецыі ў Менску. Паколькі дзверы віцяблянам не адчынілі, яны пераскочылі праз плот і схаваліся ва ўнутраным дворыку амбасады.

Удзельнікі Маршу Адзінства ў Віцебску. 6 верасня 2020 года. Фота: Belsat.eu

Віталь (47 гадоў) і Уладзіслаў (29 гадоў) – бацька і сын. Яны разам удзельнічалі ў акцыі пратэсту ў Віцебску 6 верасня, знаходзіліся ў самым эпіцэнтры падзеяў. Бацьку пабілі дубінкамі і пырснулі газавым балончыкам. Кузнечыкі мяркуюць, што за ўдзел у пратэстах яны могуць трапіць пад крымінальны пераслед (міліцыя сапраўды паведамляла, што па факце падзеяў 6 верасня была распачатая крымінальная справа).

Віцябляне застаюцца на тэрыторыі дыппрадстаўніцтва. Увечары Віталь Кузнечык распавёў «Белсату», што супрацоўнікі амбасады цяпер вырашаюць, дзе іх пакінуць на ноч. У памяшканне іх пакуль не прапускаюць, але вынеслі ваду і ежу. Паводле мужчыны, сілавікі ў цывільным ходзяць па вуліцы вакол тэрыторыі дыппрадстаўніцтва. Абодва апасаюцца за сваю бяспеку.

Новая крымінальная справа супраць пратэстоўцаў

Марш Адзінства ў Менску. 6 верасня 2020 года. Фота: Аляксандр Васюковіч / Belsat.eu

«Марш адзінства» 6 верасня Следчы камітэт кваліфікаваў як масавыя закалоты: нібыта спыненне транспартнага руху падчас акцыі пратэсту нанеслі шкоду камунальным службам на суму больш чым 30 тысяч рублёў.

Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч.1 арт. 342 КК – арганізацыя і актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Падазраванымі па гэтай справе на дадзены момант праходзяць чацвёра чалавек ва ўзросце ад 18 да 32 гадоў.

Акрамя таго, распачатая крымінальная супраць 18-гадовай дзяўчыны, якая размалявала спецтэхніку сілавікоў. Яе пераследуюць паводле артыкулу «хуліганства».

Скрыншот відэа ОНТ

Раней, 7 верасня, дзяржаўныя тэлеканалы паведамлялі, што гэтая дзяўчына была затрыманая і прыцягнутая да адміністратыўнай адказнасці за свае дзеянні.

Таксама 11 верасня стала вядома, што ДФР КДК распачаў крымінальную справу супраць сябра Каардынацыйнай рады Івана Краўцова, якога спецслужбы 8 верасня фактычна дэпартавалі з краіны. Справа распачатая паводле ч. 4 арт. 210 КК (крадзеж у асабліва буйным памеры шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі). Краўцова вінавацяць у «адмыванні» грошай.

Бязвіз для беларусаў

Кіраўнік польскага ўраду Матэўш Маравецкі абвесціў, што Вышэградская група запрапануе ЕЗ адкрыць межы для грамадзянаў Беларусі. Адпаведная заява была зроблена пасля сустрэчы прэм’ер-міністраў Венгрыі, Славаччыны, Чэхіі і Польшчы ў Любліне.

– Хочам прапанаваць бязвізавы рух для беларусаў. Падчас Еўрапейскага савету плануем запрапанаваць эканамічны план, – цытуе прэмʼера Маравецкага старонка кіроўнай партыі Закон і Справядлівасць (PiS) у Twitter.

Хутчэй за ўсе гаворка ідзе пра план эканамічнай падтрымкі грамадзянскай супольнасці і эканомікі краіны пасля свабодных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

Беларусы паедуць у Еўразвяз без візы?

Ціск на журналістаў

У рэгіёнах адбыліся затрыманні журналістаў «Белсату». У Віцебску затрымалі Змітра Казакевіча, у Гомлі – Ларысу Шчыракову і Андрэя Толчына. На Казакевіча склалі пратакол нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Імаверна, у тым жа вінавацяць гомельскіх журналістаў. Шчыракова перад затрыманнем паспела паведаміць, што мае намер абвесціць галадоўку.

У Бабруйску ў цэнтры горада быў жорстка затрыманы сябра БАЖ Аляксандр Чыгір – яго таксама вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі.

Як Лукашэнка пераследуе белсатаўцаў. Новы рэпартаж

Акрамя таго, у Гомлі сілавікі спрабавалі трапіць у кватэры Марыны Драбышэўскай і дзяжурылі пад домам Яўгена Меркіса.

У Менску працаўнікі аддзелу па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі (АБЭЗ) прыходзілі ў рэдакцыю праекту «Имена». Паколькі сілавікі нікога там не заспелі, то проста пакінулі для супрацоўнікаў ліст, у якім просяць даць звесткі пра атрыманне замежнай бязвыплатнай дапамогі з 1 студзеня 2020 года па цяперашні час, а таксама пра яе мэтавае выкарыстанне.

У Горадні міліцыя прыйшла ў рэдакцыю парталу Hrodna.Life – нібыта нехта паскардзіўся на бел-чырвона-белы сцяг у вакне будынку, дзе месціцца рэдакцыя. Заведзеная адміністратыўная справа за парушэнне архітэктурнага рашэння фасада будынку (артыкул 21.13 КаАП).

Суд Фрунзенскага раёну Менску 11 верасня пакараў 15 соднямі арышту былога вядоўцу і кіраўніка прэзідэнцкага пулу журналістаў на канале ОНТ Дзмітрыя Семчанку. Яго прызналі вінаватым ва ўдзеле ў незаконным масавым мерапрыемстве. Месяц таму Дзмітрый звольніўся з дзяржканалу і пасля гэтага публічна асудзіў дзеянні ўладаў падчас разгону пратэстаў 9-12 жніўня.

ІІ belsat.eu

Hавiны