Сяргей Чалы: Без нефіксаванага курсу няма сэнсу ў рэформах


Паводле экспертаў, першага траншу крэдыту ЕўрАзЭС не хопіць для падтрымання заяўленага Нацыянальным банкам курсу – Br 5000 за $ 1.

15 чэрвеня Нацыянальны банк загадаў лічыць курс Br 5000 за $ 1 адзіным і раўнаважным. Фінансавы аналітык Сяргей Чалы нагадвае, што ўлады неаднаразова заяўлялі: першы транш крэдыту ЕўрАзЭС ($ 800 млн) пойдзе на стварэнне так званай “падушкі бяспекі” – то бок, у золатавалютныя рэзервы краіны. Гэта азначае, што на валютны рынак грошы не трапяць, і валюта ў абменніках не з’явіцца.

“Гэта парушэнне патрабаванняў Міжнароднага валютнага фонду. МВФ патрабуе, каб мы імкнуліся да адзінага курсу, раўнаважнага. І ўсталяванне Br 5000 на ўсіх сегментах біржавога рынку – гэта крок назад, гэта крок не ў патрэбным кірунку”, – падкрэслівае доктар эканамічных навук Барыс Жаліба.

Сяргей Чалы дадае, што без нефіксаванага курсу няма ніякага сэнсу ў іншых эканамічных рэформах, якіх Захад чакае ад Беларусі.

Неафіцыйны курс долара сёння вагаецца ад Br 6100 да 6500 за $ 1 на наяўным рынку і Br 7000–8000 на безнаяўным. “Пазабіржавы рынак згубіў рынкавыя рысы (свабодны продаж і пакупка), гандаль вядзецца ў адміністратыўных межах. Экспарцёр ды імпарцёр шукаюць адзін аднаго”, – распавядае Барыс Жаліба.

Ён тлумачыць, што галоўная мэта ўраду і Нацбанку – падтрымаць існы курс, “бо сёння назбіраўся так званы адкладзены попыт на валюту, ён такі вялікі, што людзі гатовыя нават за 10 000 рублёў набываць долары. Таму Нацбанк баіцца, што рубель зусім заваліцца”. Аднак $ 800 млн не дапамогуць зрабіць курс Br 5000 за $ 1 рэальным раўнаважным курсам.

Міжнародны Валютны Фонд прапанаваў уладам Беларусі лібералізаваць валютны рынак краіны і адпусціць курс беларускага рубля. Гэта адна з захадаў, якая можа паспрыяць выдачы краіне крэдыту гэтай арганізацыяй.

belsat.eu

Стужка навінаў