Яўген Ліпковіч: Мяне больш турбуе, што ў краіне знік кефір


Генеральная пракуратура распачала крымінальную справу за здзек над дзяржаўнымі сімваламі. Абразлівыя малюнкі былі размешчаныя ў блогу lipkovich.livejournal.com.

“Ну вось, варта толькі з’ехаць з краіны, як тут нешта адбываецца”, – пракаментаваў “Белсату” навіну вядомы блогер Яўген Ліпковіч. Ён гаворыць, што нават не разумее, пра што ідзецца: “Які блог? Што за блог? Асабіста я ні над кім і ні над чым не здзекваўся”.\\

Яўген Ліпковіч гаворыць, што аніякіх афіцыйных папераў ад следчых органаў з нагоды справы ён не атрымліваў. Высвятляць усе яе акалічнасці блогер таксама не збіраецца: “У мяне цяпер ёсць больш важная справа – у краіне знік абястлушчаны кефір. Калі мае запасы кефіру скончацца (я прывёз з Вільні некалькі бутэлек), а ў крамах ён не з’явіцца, то буду зноўку пісаць і ў Міністэрства эканомікі, і ў Міністэрства аховы здароўя з патрабаваннем вярнуць кефір у продаж”.

Блогер адзначае, што ў краіне нічога не робіцца, каб змяніць эканамічную сітуацыю, а звычайныя людзі ад гэтага пакутуюць.

Гэта ўжо не першыя прэтэнзіі ўладаў да старонкі lipkovich.livejournal.com. На мінулым тыдні Дзяржаўная інспекцыя электрасувязі ўнесла сайт у спіс абмежаванага доступу на той падставе, што праз яго распаўсюджваецца “інфармацыя дэструктыўнага характару”.

belsat.eu

Стужка навінаў