Амерыканскія праваабаронцы патрабуюць вызваліць Пачобута


Праваабарончая арганізацыя “Камітэт абароны журналістаў” (ЗША) патрабуе ад уладаў Беларусі спыніць судовы пераслед карэспандэнта польскага выдання “Gazeta Wyborcza” – гарадзенскага журналіста Андрэя Пачобута – і неадкладна вызваліць яго.

“Гэта абуральна, што журналіста ў Еўропе ў ХХІ ст. судзяць за зачыненымі дзвярыма толькі за тое, што ён пісаў крытычныя артыкулы пра абранага лідара. З Андрэя Пачобута мусяць зняць усе гэтыя палітызаваныя абвінавачанні ды вызваліць”, – заявіў намеснік дырэктара КАЖ Робэрт Мэгоўні.

14 чэрвеня ў судзе Ленінскага раёну Горадні распачаўся закрыты працэс у справе журналіста Андрэя Пачобута. Ён абвінавачваецца на падставе двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі: ч. 1 арт. 368 (абраза прэзідэнта Беларусі) і ч. 1 арт. 367 КК (паклёп на прэзідэнта). Максімальнае пакаранне паводле першага артыкулу – 4 гады пазбаўлення волі, паводле другога – 2 гады.

Вызвалення Пачобута таксама патрабуюць кіраўніцтва Еўразвязу і афіцыйная Варшава. Лёс гарадзенскага журналіста абмяркоўвалі прадстаўнікі польскай улады на сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Баракам Оўбамам падчас ягонага нядаўняга візіту ў Варшаву.

belsat.eu

Стужка навінаў