Японцы прыдумалі, як абясшкодзіць рэактары «Фукусімы»


Праект прэзентавала “Такійская электрычная кампанія”, адказная за пацярпелую ад цунамі фукусімскую АЭС.

Мяркуецца, што праект дазволіць абясшкодзіць рэактары. Мінула ўжо больш за тры месяцы пасля найвялікшага ядравага крызісу пасля чарнобыльскай катастрофы.

Прэзентаваная ў Токіа ізаляцыйная структура прадугледжвае пакрыванне ўсяго будынку станцыі вінілхларыднымі аркушамі, апрацаванымі поліэфірнаю смалою. Пакрыванне пашкоджаных рэактараў – важны крок ва ўсталяванні кантролю над імі ды мінімізацыі распаўсюду радыеактыўных рэчываў.

“Мы будзем выкарыстоўваць матэрыялы з максімальнымі ізаляцыйнымі якасцямі для пакрывання і ўшчыльнення ўсяго будынку, і мы спадзяемся, што гэтая канструкцыя дапаможа нам скараціць выкіды радыеактыўных рэчываў з рэактару”, – патлумачыў прадстаўнік кампаніі Дзюніці Мацумато.

Паводле кампаніі, усё ўсталяванне канструкцыі будзе ажыццяўляцца дыстанцыйна – кіраванымі кранамі, каб зменшыць рызыку для здароўя працаўнікоў. Пачатак рэалізацыі праекту запланаваны на 27 чэрвеня.

Тры рэактары выйшлі з-пад кантролю пасля землятрусу 11 сакавіка на паўднёвым усходзе Японіі. 80 000 жыхароў былі вымушаныя эвакуявацца з ваколіцаў фукусімскай АЭС, бо інжынеры змагаліся з выкідам радыеактыўных рэчываў, вадароднымі выбухамі ды перагрэвам паліўных стрыжняў.

belsat.eu

Стужка навінаў