Ля Менску пабудавалі сучасны дом, у якім няма электрычнасці


Для асвятлення пакояў і падагрэву вады выкарыстоўваюць энергію сонца і ветру.

Аўтар праекту – архітэктар і эколаг Яўген Шырокаў – жыве тут і сам. Экадом пабудавалі за тры з паловаю месяцы. Паводле словаў гаспадара, будынак абышоўся ў палову кошту аднапакаёвай кватэры ў сталіцы.

Сцены хаты, шырынёю паўметра, зрабілі з саломы і з унутранага боку пакрылі глінаю. Навуковец сцвярджае, што яны звышнадзейныя і вытрымаюць любы вецер. Сцены маюць павышаную вогнетрываласць. А вось падмурак выканалі з бутэлек, замацаваных растворам.

Дах уцяплілі трыснягом з найбліжэйшага возера. На ім усталявалі вятрак на 400 Вт, фотаэлектрычныя панэлі – 300 Вт і сонечныя панэлі плошчаю 4 кв. м. Яны збіраюць энергію, неабходную для жыццядзейнасці. На выпадак хмарных або зацішных дзён ёсць сістэма акумулявання запасу энергіі.

«Калі я ўзгадняў праект у выканкаме, чыноўнікі скептычна ставіліся да маёй ідэі. Але калі я яе рэалізаваў, усе толькі дзіву даваліся! Я ўпэўнены, што нашая будучыня – гэта альтэрнатыўная энергетыка», – распавёў Яўген Шырокаў. І хоць сёння ягоны дом – рэдкасць, ён упэўнены, што праз некалькі гадоў такія ж будуць расці як грыбы па ўсёй Беларусі.

belsat.eu

Стужка навінаў