Цяпер мяжа ахоўваецца ва ўзмоцненым рэжыме


Актыўным удзельнікам акцыі пратэсту на памежным пераходзе «Брузгі» забароняць выезд з Беларусі.

Пра гэта 13 чэрвеня журналістам заявіў прэсавы сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэту (ДПК) Аляксандр Цішчанка.

12 чэрвеня прыкладна а 18:30 каля 300 чалавек перакрылі дарогу да пункту пропуску «Брузгі» на беларуска-польскай мяжы непадалёк Горадні. Яны пратэставалі супраць пастановаў ураду № 373 і 375, якія абмежавалі вываз за мяжу тавараў і паліва. У выніку акцыі пратэсту рух на пераходзе быў паралізаваны да 21:00. Колькасць затрыманых вырасла з 15 да 22 чалавек.

Паводле Аляксандра Цішчанкі, на месцы было каля 40 аўтамабіляў, некаторыя без рэгістрацыйных нумароў. Ён паведаміў, што высветлілі болей за 100 удзельнікаў акцыі, прадстаўнікоў так званага чаўночнага бізнесу. Паводле інфармацыі прэсавага сакратара ДПК, адна сямейная пара за 11 чэрвеня 15 разоў перасякла мяжу ў «Брузгах» на пяці аўтамабілях. «Зразумела, што яны займаюцца незаконным вывазам і ўвозам тавараў», – заключыў ён.

Беднымі іх назваць нельга, дадаў чыноўнік: «Гэтыя людзі ўхіляюцца ад выплаты падаткаў. Ёсць інфармацыя, што яны добра забяспечаныя. Уладальнікі добрых катэджаў, некалькіх аўтамабіляў. Таму захады, накіраваныя на абмежаванне вывазу тавараў беларускай вытворчасці, цалкам апраўданыя. Трэба разумець тут галоўнае: калі не абмяжоўваць вывазу, значыць трэба павышаць кошт. А ставіць рэспубліку ў невыгоднае фінансавае становішча з-за нейкай тысячы чалавек, якія зарабляюць на спекуляцыйных пытаннях, няма ніякага сэнсу».

Цішчанка таксама паведаміў, што цяпер мяжа ахоўваецца ва ўзмоцненым рэжыме разам з мытнымі органамі, спецслужбамі ды міліцыяй.

belsat.eu

Стужка навінаў