Стала вядомая колькасць затрыманых падчас інцыдэнту на памежным пераходзе ў Брузгах 12 чэрвеня. Як паведамляе ўпраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў Міністэрства ўнутраных справаў, 14 чалавек затрыманыя “за парушэнне вызначанага парадку арганізацыі ды правядзення масавых мерапрыемстваў і непадпарадкаванне законным патрабаванням працаўнікоў міліцыі”.
На іх складзеныя пратаколы паводле арт. 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёю службовых абавязкаў) і арт. 23.34 (парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавай акцыі або пікетавання) КоАП. Людзей змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання Кастрычніцкага РУУС Горадні да разгляду адміністратыўных справаў у судзе.
Як адзначана ў прэс-рэлізе, “у нядзелю, 12 чэрвеня, а 18.00 паблізу вёскі Брузгі Гарадзенскага раёну прыкладна 200 чалавек перакрылі ўезд аўтатранспарту на гэты пункт пропуску. Яны выставілі патрабаванне сустрэцца з прадстаўнікамі органаў дзяржкіравання для абмеркавання ўведзеных абмежаванняў на вываз за мяжу харчовых тавараў і аўтамабільнага паліва”.
“На месца прыбылі старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Сямён Шапіра, кіраўнікі абласных УУС, УКДБ, пракуратуры і мытні. Яны растлумачылі прысутным эканамічную сітуацыю ў краіне, папярэдзілі пра неправамоцнасць іхных дзеянняў і запатрабавалі супрацьпраўную акцыю спыніць. Аднак удзельнікі несанкцыянаванай акцыі працягвалі блакаваць праезд да пункту пропуску і выказвалі незадаволенасць прынятымі абмежаваннямі, выкарыстоўваючы грубую нецэнзурную лаянку”, – сцвярджае ўпраўленне інфармацыі.
“Каб вызваліць дарогу для руху аўтатранспарту, а 20.55 працаўнікі міліцыі пачалі адціскаць грамадзянаў з праезнай часткі. Некаторыя з іх выявілі непаслушэнства і адкрыты супраціў міліцыянтам, а нявызначанаю асобаю быў ужыты слезацечны газ. У выніку гэтага працаўнік міліцыі і адзін з удзельнікаў несанкцыянаванай акцыі з хімічным апёкам вачэй былі дастаўленыя ва ўстановы аховы здароўя”, – паведамляе МУС.
Паводле відавочцаў, слезацечны газ ужылі працаўнікі міліцэйскага спецназу, якія прыбылі на памежны пераход разагнаць незадаволеных кіроўцаў.
Інцыдэнт на пераходзе ў Брузгах выклікала тое, што мытнікі не выпускалі на тэрыторыю Польшчы кіроўцаў, якія ехалі за мяжу другі дзень запар. Падставаю для гэтага стала ўрадавае рашэнне абмежаваць і забараніць вываз аўтамабільнага паліва і шэрагу спажывецкіх тавараў.
Забарона на вываз тавараў і паліва ўдарыла па жыхарах заходніх памежных раёнаў Беларусі – для шмат каго з іх памежны гандаль застаўся асноўным спосабам зарабіць.
belsat.eu