“Славянскі базар” шукае спонсараў і скарачае фестывальныя дні


Нягледзячы на юбілей, сёлетні фестываль можа стацца не самым відовішчным. Фінансаванне на правядзенне “Славянскага базару” скароцяць на 10–20 %.

Сёлета “Славянскаму базару” спаўняецца 20 гадоў. Беларускія арганізатары першапачаткова распрацавалі такую канцэпцыю святкавання, што адрознівалася ад папярэдніх гадоў, запланаваўшы дадатковыя канцэрты выключна беларускіх выканаўцаў. Аднак ад гэтай ідэі давялося адмовіцца. “Прадстаўнікі іншых дзяржаваў перасталі б аказваць фінансавае падтрыманне міжнароднаму форуму, а прыцягваць спонсарскія сродкі ў арганізацыю фестывалю – надзвычай важна. Сёлетняя бюджэтнае фінансаванне скарацілася”, – патлумачыў дырэктар фестывалю Радзівон Бас.

На правядзенне свята з бюджэту выдаткуюць Br 13, 6 млрд, у тым ліку за кошт Рэзервовага фонду прэзідэнта – Вr 2,8 млрд, бюджэту Саюзнай дзяржавы – каля RUR 25 млн, Міністэрства культуры накіроўвае Вr 300 млн. Уласныя прыбыткі фестывалю складуць Br 7,7 млрд, у тым ліку ад рэалізацыі білетаў – Br 6,8 млрд. Br 952 млн – гэта спонсарскія сродкі. Ад рэкламы фестываль спадзяецца атрымаць Br 737 млн.

Адзін з прыхільнікаў скарачэння дзяржаўных выдаткаў на “Славянскі базар” – міністр культуры Павел Латушка. У сваіх інтэрв’ю ён неаднаразова падкрэсліваў, што трэба змяняць падыход у фінансаванні культуры і вучыцца прыцягваць спонсараў. Праўда, заканадаўча гэтая сістэма пакуль не адладжаная. “Тыя зніжкі, якія даюцца сёння спонсарам, зусім нязначныя для іхнага бізнесу. Сёння гэта збольшага іміджавая рэч. “Славянскі базар” – значная падзея ў культурным жыцці, збірае вялікую публіку, таму кампаніі, якія будуць спансаваць форум, збольшага будуць разлічваць на PR”, – лічыць PR-кансультант Вера Капцякова.

belsat.eu

Стужка навінаў