Дзіцячыя садкі перанясуць у жылыя дамы


У некаторых раёнах сталіцы запісваюць дзіця ў садок яшчэ да нараджэння. У цэнтры чарга складае 3–4 гады, ёсць праблемы з размеркаваннем дзяцей у дашкольныя ўстановы і ў новых раёнах. Групы часам дасягаюць 30 дзетак.

Дагэтуль праблему спрабавалі развязаць за кошт будаўніцтва новых установаў выхавання і адукацыі. Але праз тое, што свабодных пляцовак фактычна не засталося, новыя садкі з’яўляліся толькі ў новых раёнах, дзе разбудоўваюць усю інфраструктуру. Цяпер жа чыноўнікі прапаноўваюць ствараць малакомплексныя дзіцячыя садкі наўпрост у жылых дамах на першых паверхах. На меркаванне дэпутата Уладзіміра Андрэйчанкі, які адстойвае гэтую ідэю, пераабсталяванне ўжо гатовых дамоў зойме нашмат менш часу і будзе каштаваць для дзяржавы танней. “Гэта можна рабіць як у старых, так і ў новых дамах. Шмат дзяцей такі садок не зможа прыняць, аднак у гэтым ёсць і свой плюс, бо групы будуць не больш як 10–13 чалавек. То бок дагляд з боку выхавальнікаў будзе больш якасным”, – лічыць чыноўнік.

Такая мадэль садкоў распаўсюджаная за мяжою, напрыклад, у Расеі, Швецыі ды Літве. Беларускія бацькі ідэю чыноўнікаў таксама ўхваляюць. “Трапіць цяпер у садок у Менску можна, толькі калі будзеш некалькі дзён дзяжурыць у чарзе, калі запішашся яшчэ да нараджэння дзіцяці або калі дасі хабар”, – прызнаецца маці двух дзяцей Зоя П.

Дзяржава абяцае большасць выдаткаў узяць на сябе, аднак новыя садкі будуць лічыцца палепшанымі, таму наведванне іх будзе каштаваць больш.

belsat.eu

Стужка навінаў