Кампанія «За аўта» папярэдзіла ДАІ


“Чым больш людзей атрымае беспадстаўныя штрафы, тым больш незадаволеных”.

Кампанія “За аўта” звярнулася да УДАІ Беларусі з прапановаю спыніць бессэнсоўны пераслед удзельнікаў акцыі “Стоп бензін”. Прадстаўнікі кампаніі пішуць, што законных падставаў для пераследу людзей няма, і абяцаюць дэталёва прааналізаваць кожны пратакол што да адпаведнасці заканадаўству.

“Звяртаем вашую ўвагу на тое, што акцыя выклікала сур’ёзны розгалас у грамадстве, і ўсе неабыякавыя грамадзяне нашай краіны ўважліва сочаць за разгортваннем падзеяў”, – гаворыцца ў звароце. Пры гэтым дзеянні Дзяржаўтаінспекцыі, паводле прадстаўнікоў кампаніі, аказаліся ў цэнтры ўвагі.

Арганізатары нагадваюць, што акцыя была скіраваная супраць пагаршэння эканамічнага стану беларускага народу. Таму рэпрэсіі супраць яе ўдзельнікаў маюць палітычную афарбоўку і на тле пагаршэння эканамічнай сітуацыі ды адсутнасці дыялогу паміж народам і ўладаю даюць эфект, адваротны чаканаму.

“Чым больш людзей атрымае беспадстаўныя штрафы – тым больш незадаволеных. Не даводзьце сітуацыю да мяжы. Памятайце, што праз пераслед удзельнікаў акцыі “Стоп бензін” вы пераследуеце народ, бо за кожным чалавекам стаіць сям’я. Сваімі дзеяннямі вы наносіце значную шкоду іміджу ДАІ ў вачах грамадзянаў”, – адзначана ў звароце.

Акцыя супраць падаражання паліва адбылася 7 чэрвеня ў Менску. Аўтамабілісты на знак пратэсту перакрылі рух у абодва бакі праспекту Незалежнасці. За ўдзел у ёй штрафамі ад 15 да 20 базавых велічыняў пакаралі пяцёх пешаходаў, якіх абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі.

ДАІ прыгразіла вылічыць паводле нумарных знакаў кіроўцаў, што парушалі правіла дарожнага руху падчас акцыі. Як заявіла начальніца прэс-службы ГУУС Менгарвыканкаму Жана Трайно, усе падзеі фіксаваліся на відэакамеры працаўнікамі ДАІ.

belsat.eu

Стужка навінаў