Леў Марголін: Банкі не вераць у плацежаздольнасць беларусаў


Банкі фактычна перасталі выдаваць спажывецкія крэдыты, радыкальна скарацілася льготнае крэдытаванне на паляпшэнне жыллёвых умоваў. “Яны папросту баяцца даваць крэдыты, бо не ўпэўненыя ў тым, што іх вернуць”, – гаворыць эканаміст Леў Марголін.

А грамадзяне не давяраюць фінансавай сістэме Беларусі, у тым ліку банкам – з рэзкім падзеннем курсу рубля і павышэннем коштаў людзі імкнуцца як мага хутчэй выдаткоўваць грошы на побытавую тэхніку ды іншыя тавары або набываць валюту. Банкаўскія ўклады з-за ненадзейнасці беларускага рубля выглядаюць усё менш прывабнымі. Леў Марголін не выключае, што гэта таксама паўплывала на скарачэнне выдачы крэдытаў. “Або банкі не ўпэўненыя ў крэдытаздольнасці сваіх кліентаў, або скарачаецца колькасць дэпазітаў, якія насельніцтва змяшчае ў іх, і таму меншае іхная база дзеля выдавання крэдытаў”, – дадаў эксперт.

Леў Марголін адзначае, што падобная сітуацыя можа яшчэ больш нашкодзіць эканоміцы. “Крэдытаванне прамысловасці, будаўніцтва і насельніцтва – гэта ў нармальных умовах рухавік эканомікі, – гаворыць эканаміст. – Калі няма крэдытаў, гэта моцна скарачае магчымасць працы для будаўнічых арганізацыяў, прамысловасці”. Паводле эканаміста, у будаўніцтве гэта можа прывесці да скарачэнняў працоўных месцаў або да пошукаў замоваў па-за межамі краіны.

belsat.eu

Стужка навінаў