Мікіта Ліхавід зноў трапіў у штрафны ізалятар


Гэта ўжо трэцяе пакаранне хлопца за месяц утрымання ў Наваполацкай калоніі.

Як распавяла «Белсату» маці Мікіты, пра тое, што яе сына зноўку пакаралі, яна даведалася з тэлефоннай размовы з адным з выхавальнікаў калоніі: «Сказаў, што далі пяць дзён карцару. А за што, маўляў, паведаміць не магу, размаўляйце з начальнікам. Але начальнік цяпер у адпачынку», – з адчаем кажа жанчына.

Алена Ліхавід збіраецца разам з адвакатам наведаць сына 14 чэрвеня: патрэбныя подпісы Мікіты пад касацыйнымі скаргамі, а таксама генеральная даверанасць ад яго на атрыманне рэчаў, канфіскаваных падчас ператрусу ў хаце Ліхавідаў. Маці палітвязня таксама спадзяецца, што яна здолее ўгаварыць сына змяніць свае паводзіны.

«Гэта не метад барацьбы з рэжымам – ён не варты здароўя хлопца. Няхай бы пабярог свае сілы дзеля будучай Беларусі», – гаворыць праваабаронца Алег Волчак. Ён нагадвае, што з-за шматлікіх парушэнняў Мікіта Ліхавід не трапіць пад амністыю, яму адмовяць ва ўмоўна датэрміновым вызваленні.

Актывіста руху «За свабоду» Мікіту Ліхавіда асудзілі за Плошчу на 3 гады калоніі. У судзе хлопец не прызнаў сябе вінаватым і працягвае дамагацца апраўдання. За адмову называцца асуджаным Мікіта Ліхавід атрымаў спачатку 10 дзён карцару, потым яшчэ 15, а цяпер хлопца чакае 5 дзён штрафнога ізалятару.

belsat.eu

Стужка навінаў