Эканамісты: Беларусь не пацярпіць ад скарачэння паставак энергіі


9 чэрвеня расейскае ААТ «Интер РАО ЕЭС» удвая абмежавала пастаўкі электраэнергіі ў Беларусь. Прычына – запазычанасць беларускага боку (каля $ 54 млн) за электраэнергію, пастаўленую сёлета ў сакавіку–красавіку.

Паводле эканаміста Леаніда Злотнікава, Беларусь закупляла ў Расеі нязначную колькасць электраэнергіі. «Да таго ж, частку ўласных магутнасцяў па вытворчасці ўласнай [энергіі] мы трымаем у рэзерве. То бок, скарачэнне паставак гэтымі рэзервамі і пакрыем».

Леанід Злотнікаў падкрэслівае, што Беларусь купляла энергію ў Расеі дзеля эканоміі: гэта атрымлівалася крыху танней, чымся вырабляць самім.

Паводле фінансавага аналітыка Сяргея Чалага, энергасістэмы былі збудаваныя ў савецкія часы і балансуюць адна адну: «Ёсць моманты, калі, каб зменшыць напругу на ўласную электрасетку, энергію выгадна купляць, а тым, у каго яе лішак – прадаваць. Усё гэта павялічвае эфектыўнасць яе функцыянавання».

«Расея пайшла на скарачэнне паставак, каб нагадаць Беларусі, што неабходна плаціць за атрыманы тавар», – гаворыць Сяргей Чалы. Аналітык не сумняецца, што бліжэйшым часам запазычанасць ліквідуюць.

belsat.eu

Стужка навінаў