Яўген Ліпковіч: Гэта помста за кефір


Вядомы блогер канстатуе, што пасля блакавання доступу да ягонага сайту ў сетцы Live Journal наведвальнасць блогу вырасла на 300 %. “Тут пракуратура выступіла сапраўдным прафесійным піяршчыкам”, – гаворыць Яўген Ліпковіч.

Паводле Ліпковіча, менавіта пракуратура ініцыявала блакаванне доступу да ягонага блогу для дзяржаўных установаў. Дзяржаўная інспекцыя Беларусі ў электрасувязі Міністэрства сувязі ды інфарматызацыі (БелДІЭ) палічыла, што блог Яўгена Ліпковіча “распаўсюджвае інфармацыю дэструктыўнага характару і здзекуецца з дзяржаўнай сімволікі”, таму доступ да яго для дзяржаўных структураў, установаў адукацыі ды культуры неабходна абмежаваць.

Яўген Ліпковіч лічыць, што гэта “помста за кефір”. У 2007 г. блогер дамогся, каб у Беларусі зноў пачалі выпускаць нятлусты кефір для хворых на дыябет. Спачатку ён пісаў пра гэта ў сваім блогу, пазней дзясяткі разоў звяртаўся з гэтаю праблемаю ў дзяржаўныя ўстановы, а таксама зладзіў флэш-моб. Чыноўнікі былі вымушаныя адступіць – на ўзроўні віцэ-прэм’ера пастанавілі аднавіць вытворчасць кефіру для хворых на дыябет.

Не выключана, што цэнзураванне блогера магло стаць вынікам супрацьстаяння паміж Ліпковічам і Чаргінцом, аднак блогер у гэта не хоча верыць. “Ну няўжо “партыя і ўрад” падпадуць пад уплыў нейкага аўтара парнаграфічных раманаў і будуць вырабляць такія фокусы?” – гаворыць Яўген Ліпковіч.

Тым часам падатковая інспекцыя нечакана запатрабавала ад Яўгена Ліпковіча і ягонай жонкі падатковых дэкларацыяў за мінулы год. “Я чытаў, што гэта стандартная працэдура для лідараў апазіцыі. То бок яны мяне лічаць за лідара апазіцыі – гэта проста неверагодна, – гаворыць Яўген Ліпковіч. – Я падазраю, што там параноя ёсць. Ну але цяпер… Я ўвогуле ў палітыцы слаба разбіраюся”.

belsat.eu

Стужка навінаў