Гісторыю беларускай грамадскай супольнасці збяруць у ўэб-архіў “Вытокі”


Прэзентацыя грамадскага ўэб-архіву “Вытокі” адбылася сёння ў кнігарні выдавецтва “Логвінаў”. Гэта супольная ініцыятыва праваабарончага цэнтру “Вясна”, Асамблеі НДА і грамадскага аб’яднання “Дыярыуш”.

На сайце будуць размяшчацца матэрыялы грамадскіх арганізацыяў, а таксама тэксты, якія ўтрымліваюць інфармацыю аб стварэнні і развіцці грамадзянскай супольнасці ды апазіцыйных рухаў Беларусі цягам гэтага і мінулага стагоддзяў. Найбольшую цікавасць уяўляюць апошнія паўстагоддзя – час, калі, як сказаў культуролаг Вацлаў Арэшка, дзеяла ўжо тое пакаленне, што жыве цяпер.

Паводле аўтараў праекту, цэнзуры на сайце не будзе – але будзе адбор матэрыялу. Іншымі словамі, “калі інфармацыя будзе адпавядаць заяўленым задачам, яна абавязкова з’явіцца на сайце”. Гэтак ён адказаў на пытанне, ці магчыма будзе знайсці ў ўэб-архіве, напрыклад, падрабязнасці супрацы Анатоля Лябедзькі ды Аляксандра Фядуты з Аляксандрам Лукашэнкам у сярэдзіне 1990-х.

Аўтары праекту заяўляюць, што яны не збіраюцца карыстацца тымі звесткамі, што ў іх ёсць, а імкнуцца зрабіць іх даступнымі для ўсіх зацікаўленых. Усе дакументы, размешчаны ў ўэб-архіве, можна будзе праглядаць, спампоўваць і выкарыстоўваць, спасылаючыся на крыніцу.

belsat.eu

Стужка навінаў