Парад цмокаў у Кракаве


Пачвары з сярэднявечных паданняў адзінаццаты раз вярнуліся на вуліцы Кракава.

Сёлета парад мае нарвежскі каларыт. Большасць цмокаў, зробленых вучнямі школаў і ўніверсітэтаў, збудавалі на падставе чаўноў вікінгаў.

Паводле падання, у кракаўскім каралеўскім замку Вавэлі аднойчы пасяліўся цмок, якога не змаглі перамагчы нават каралеўскія сыны. Цмока забіў звыклы вучань шаўца, набіўшы шкуру барана гарачаю сераю. Статуя пачвары цяпер стаіць ля замку, вітаючы наведнікаў.

“Вавэльскі цмок, што спрадвек ьжыве ў Кракаве, – гэта адно з найважнейшых польскіх паданняў. Яго ведаюць усе польскія дзеці. Вавэльскага цмока перамог маленькі шавец, якога звалі Дратэўка. Цяпер ён стаўся казачным персанажам, які прыцягвае турыстаў у Кракаў, таму мы і арганізоўваем парад цмокаў”, – кажа арганізатарка імпрэзы Магдалена Срока.

Пераможцам параду журы прызнала “лядовага” цмока, якога збудавалі вучні адной з пачатковых школаў Кракава. Казачная істота была гатовая ў любы момант вырвацца ў паветра з рук сваіх стваральнікаў.

“Узяць удзел у імпрэзе мяне схіліла перадусім фантастычная атмасфера і радасць, якую атрымліваюць дзеці ад гэтага свята. Цудоўная справа!” – кажа Караліна, маці трохгадовай дачкі.

belsat.eu

Стужка навінаў