Форма ашчаджання капіталу


Услед за валютным крызісам у Беларусі пачынаецца тытунёвы: з паліцаў крамаў зніклі цыгарэты.

У Менску немагчыма набыць цыгарэты сярэдняга коштавага сегменту (ад двух да чатырох тысяч рублёў) – няма брэндаў, што вырабляліся ў краіне паводле ліцэнзіі, а таксама цыгарэтаў расейскай вытворчасці. Засталіся толькі айчынныя, але асартымент іх таксама значна скараціўся. “Рэшткі імпарту з Расеі распрадалі ўжо даўно. Новага пакуль нічога не вязуць. Гаспадар сказаў, магчыма, тыдні праз два цыгарэты з’явяцца”, – паведаміла прадавачка аднаго з прыватных шапікаў.

“Цыгарэты сёння сталі формаю ашчаджэнняў. Людзі бачаць, што ўрад кантралюе кошты на іх, пасля дэвальвацыі не падвышае, таму выкарыстоўваюць сітуацыю, каб прадаць цыгарэты за мяжу і падзарабіць на гэтым”, – тлумачыць адну з прычынаў знікнення тытунёвых вырабаў Яраслаў Раманчук.

Намеснік дырэктара аднаго з сталічных універсамаў не выключае, што імпарцёры наўмысна прытрымліваюць продаж цыгарэтаў у раздробную гандлёвую сетку: “Абвесцілі ж, што цыпер вырашаецца пытанне падвышэнне акцызаў на алкаголь і тытунь, таму і ўзялі паўзу”.

Працаўнік гандлю таксама не выключае, што ў беларускіх вытворцаў замежных марак цыгарэтаў не стае валюты, каб набываць тытунь, бо цыгарэты да крытычнага імпарту не адносяцца.

Атрымаць каментар у найбуйнейшага вытворцы вядомых замежных марак цыгарэтаў, кампаніі “Тытунь-інвест”, не атрымалася – тэлефоны кампаніі ўпарта маўчалі.

belsat.eu

Стужка навінаў