Арыштаваны другі карыстальнік сацыяльнай сеткі „ВКонтакте”


Адказны за суполку „Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку” Дзмітрый Няфедаў знаходзіцца ў ізалятары на вул. Акрэсціна ў Менcку.

У пятніцу, 3 чэрвеня, да грамадзянскага актывіста Дзмітрыя Няфёдава, які адказваў за некалькі суполак у сацыяльнай сетцы „ВКонтакте”, з вобшукам прыйшлі супрацоўнікі Камітэта дзяржбяспекі. Іх галоўнаю мэтай было канфіскаваць камп’ютар актывіста.

Суполка „Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку”, адміністратарам якой з’яўляецца Дзмітрый, заклікае грамадзянаў выходзіць на галоўную плошчу горада, каб выказаць жаданне зменаў. Суполка ў тым ліку заклікала маладых людзей 15 ліпеня проста пагуляць па плошчы. „Без лозунгаў. Без транспарантаў. Без заклікаў”, — адзначыў выканаўчы сакратар грамадска-асветнай арганізацыі „Рух будучыні” (ён пажадаў застацца неназваным), якая падтрымлівала гэтую „рэвалюцыю”.

Выходныя Няфёдаў правёў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вул. Акрэсціна ў Менску. На маладога чалавека быў складзены пратакол аб адміністрацыйным парушэнні — нібыта падчас вобыску малады чалавек нецэнзурна лаяўся. Судзіць яго будуць у судзе Заводскага раёна. Дата не прызначана.

Зараз доступу да суполкі Дзмітрый не мае – яго выдалілі з ліку адміністратараў адразу пасля затрымання.

Гэта ўжо не першы выпадак, калі адміністратараў суполак сацыяльнай сеткі „ВКонтакте” затрымліваюць прадстаўнікі КДБ. Сяргей Паўлюкевіч, адміністратар адной з самых вялікіх беларускіх супольнасцяў „Мы за вялікую Беларусь” (120 тыс. карыстальнікаў), быў затрыманы ў пятніцу, 3 чэрвеня. У яго адабралі камп’ютар. Супрацоўнікі КДБ папрасілі Сяргея выдаліць суполку, якая запрашала беларусаў 15 ліпеня на „Марш мільёнаў” з мэтаю патрабавання адстаўкі і прыцягнення да суда „нелегітымнага кіраўніка краіны грамадзяніна Лукашэнкі”, і неўзабаве адпусцілі.

Зварот арганізацыі “Малады фронт” да адміністратараў сацыяльнай сеткі з просьбаю аднавіць суполку „Мы за вялікую Беларусь” з увагі на яе несанкцыянаванае выдаленне, знайсці правапарушальніка і прыцягнуць яго да адказнасці не быў задаволены.

Супрацоўнік тэхнічнай падтрымкі „ВКонтакте” напісаў у адказе на зварот: “На жаль, аднаўленне выдаленага кантэнту немагчымае – такіх “бэкапаў” няма <…> Рэкамендуем таксама вывучыць інфармацыю па тэме, каб такая прабелма больш не ўзнікала. Калі Вы лічыце неабходным расследванне – калі ласка, звярніцеся ў праваахоўчыя органы”.

belsat.eu

Стужка навінаў