Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС ухваліў вылучэнне крэдыту


Першы транш – 800 млн. долараў – пералічаць цягам тыдня. Паводле віцэ-прэм’ера – міністра фінансаў Расеі Аляксея Кудрына, прыватызацыя беларускіх актываў на 7,5 млрд. долараў цягам трох гадоў засталася адною з умоваў прадстаўлення крэдыту.

Міністры фінансаў краінаў – удзельніц ЕўрАзЭС на паседжанні ў Кіеве 4 чэрвеня ўхвалілі вылучэнне Беларусі крэдыту з антыкрызіснага фонду гэтай арганізацыі.

Агульная сума крэдыту складзе 3 млрд долараў. 1,2 млрд пералічаць цягам 2011 г., 0,8 млрд – у 2012 г., 1 млрд – у 2013-м, цытуе прэсавага сакратара прэм’ер-міністра Расеі Зміцера Пяскова РИА “Новости”.

Пяскоў паведаміў, што прэм’ер-міністр Расеі Уладзімір Пуцін абмяркаваў дэталі рашэння са сваім беларускім калегам Міхаілам Мясніковічам па тэлефоне. Былі закранутыя розныя нюансы рэалізацыі беларускай стабілізацыйнай праграмы і расейска-беларускага супрацоўніцтва ў гэтым кантэксце.

Паводле віцэ-прэм’ера – міністра фінансаў Расеі Аляксея Кудрына, крэдыт выдаецца на 10 гадоў пад плаваючую стаўку 4,1% гадавых.

belsat.eu

Стужка навінаў