Дэпутаты і медыкі: Прыбраць цыгарэты з вітрынаў!


Дактары і дэпутаты настойваюць таксама на пашырэнні тэрыторыяў, дзе паленне забароненае.

Цяпер паводле закону паліць забаронена ва ўстановах адукацыі ды медыцыны. Кіраўніцтва ўніверсітэтаў і шпіталяў яшчэ пяць гадоў таму забавязалі стварыць адмысловыя месцы для курцоў. Парушальнікаў, якія злавілі на ганку ці ў памяшканні, абавязаныя штрафаваць.

У Адміністрацыйным кодэксе пазначана, што паленне ў грамадскіх месцах наагул забароненае – за гэта прадугледжаны штраф, які на сёння складае ад 350 тыс. руб. да 1 млн. 50 тыс. руб. Аднак у прэсавай службе МУС не змаглі адказаць, колькі парушальнікаў паводле гэтага артыкулу затрымалі апошнім часам: такой статыстыкі няма.

Пад ціскам шматлікіх скаргаў ад грамадзянаў, якія не паляць, Міністэрства аховы здароўя распачало вострую барацьбу з курцамі. “Мы настойваем, каб заканадаўча замацавалі, што паліць забаронена і на прыпынках грамадскага транспарту, – кажа галоўны санітарны доктар Алег Арнаўтаў. – А таксама мае ўзмацніцца кантроль за выкананнем закону працаўнікамі праваахоўных органаў”.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прапануюць прыбраць цыгарэты з крамных вітрынаў побач з касамі. На меркаванне дэпутата Уладзіміра Васіленкі, гэткае размяшчэнне працуе як схаваная рэклама і заклікае пакупнікоў, якія, можа, і не хацелі б паліць, набыць пачак цыгарэтаў. “Асабліва востра гэтае пытанне стаіць для тых, хто спрабуе пазбавіцца шкоднай звычкі. А так – падыходзіць ён да касы, чакае ў чарзе, разглядае вітрыну і паддаецца спакусе – купляе чарговы пачак!” – мяркуе дэпутат.

На думку кіраўніка беларускага офісу Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Ягора Зайцава, такія захады ў барацьбе з паленнем неэфектыўныя. “Як паказвае сусветны досвед, сапраўды змяняе сітуацыю рэзкае падаражанне тытунёвых вырабаў. У Беларусі па-ранейшаму цыгарэты каштуюць досыць танна. Менавіта таму гэта даступна, бадай, усім слаям насельніцтва, ад школьніка да пенсіянера. Калі пачак цыгарэтаў, скажам, будзе каштаваць не 3 тыс. руб., а як мінімум 10 тыс. руб., эфект будзе відаць ужо праз месяц – людзі пашкадуюць грошай на цыгарэты”, – кажа эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў