Не тая кампанія


Купалаўскі тэатр адмовіўся браць удзел у Днях беларускай культуры, што зладзілі ў польскім Вроцлаве фонд «За нашу і вашу свабоду» і ўлады гораду.

Як распавёў «Белсату» на ўмовах ананімнасці адзін з працаўнікоў тэатру, кіраўніцтва прыняло рашэнне пасля таго, як у Міністэрстве культуры намякнулі, што «ў калектыву могуць быць непрыемнасці». «Вы ж самі разумееце, якая цяпер сітуацыя ў краіне, таму вырашылі не рызыкаваць і адмовіцца. Што я маю на ўвазе? А вы паглядзіце праграму Дзён культуры, тады і зразумееце, пра што гаворка», – асцярожна патлумачыў суразмоўца.

У праграме Дзён культуры пазначана, што ў некаторых імпрэзах запланаваны ўдзел прадстаўнікоў незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі, а таксама прадстаўнікоў беларускай апазіцыі – Аляксандра Мілінкевіча, Станіслава Шушкевіча ды інш.

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы меў паказаць у Вроцлаве спектакль «Пінская шляхта».

«Гэта працяг гісторыі з так званымі чорнымі спісамі», – кажа культуролаг Максім Жбанкоў. Паводле яго, не толькі грамадства, але і мастацтва ў Беларусі цяпер падзяляецца на лаяльнае і небяспечнае для ўлады. «Тое, што не лаяльна, – тое і небяспечна. Таму ўладам падаецца крамольнаю нават сама думка, што побач з прадстаўнікамі дзяржаўнай структуры, якою ёсць тэатр, могуць апынуцца непажаданыя персанажы», – тлумачыць сітуацыю Максім Жбанкоў.

belsat.eu

Стужка навінаў