На крок бліжэй да Літвы


Беларусь і Літва падпісалі пагадненне аб парадку ўзаемных паездак жыхароў памежжа.

Подпісы пад дакументам паставілі міністр замежных справаў Літвы Аўдронюс Ажубаліс і ягоны беларускі калега Сяргей Мартынаў. Ухваліць пагадненне яшчэ мусяць парламенты ды кіраўнікі абедзвюх краінаў.

“Сёння адчынілася акно для грамадзянаў Беларусі, – пракаментавала падпісанне пагаднення прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце. – Людзі змогуць свабодна перасоўвацца, трапіць у краіны ЕЗ. Доўгатэрміновая віза для іх будзе каштаваць 20 еўраў”. “Гэта дэманструе наш давер у дачыненні Беларусі”, – падкрэсліла Даля Грыбаўскайце.

Напярэдадні візіту МЗС Літвы паведаміла, што пагадненне меліся завізаваць яшчэ ў верасні 2009 года. “Аднак беларускі бок звярнуўся з просьбай адкласці падпісанне дакументу, бо не завершылася працэдура міжведамаснай каардынацыі ў Беларусі. Праз сем месяцаў Менск унёс новыя карэктывы ў раней абмеркаваны тэкст пагаднення”, – зазначалася ў паведамленні МЗС.

Пагадненне дае жыхарам памежжа права на бязвізавае знаходжанне на тэрыторыі іншай дзяржавы са спецыяльнымі дазволамі – на адлегласці да 50 кіламетраў ад мяжы да 90 дзён цягам паўгода. Такія дазволы тэрмінам на пяць гадоў будуць выдавацца сталым жыхарам памежжа, якія з розных прычынаў плануюць часта бываць на памежнай тэрыторыі суседняй дзяржавы.

belsat.eu

Стужка навінаў