31-ы дзень пратэстаў у Беларусі: Марыя Калеснікава парвала пашпарт, Лукашэнка заявіў, што з пасады не сыдзе

Belsat.eu падводзіць вынікі 31-га дня пратэстаў у Беларусі.

Акцыя салідарнасці з затрыманай Марыяй Калеснікавай. Менск, Беларусь. 8 верасня 2020 г. Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

Ужо амаль два дні нічога не вядома пра дакладнае месцазнаходжанне Марыі Калеснікавай

Што ёй інкрымінуюць – таксама.

7 верасня ўначы з Беларусі ва Украіну пад прымусам з’ехалі Антон Раднянкоў ды Іван Краўцоў. Яны далі прэс-канферэнцыю ў Кіеве і расказалі, як КДБ вывозіў сілай Марыю Калеснікаву, але не давез – у нейтральнай зоне на мяжы яна парвала свой пашпарт, выскачыла з аўта і вярнулася на беларускую мяжу.

Святлана Ціханоўская і Марыя Калеснікава на адным з агітацыйных мітынгаў

Дзяржаўныя прапагандысцкія медыі паведамілі пра добраахвотны выезд сябраў Каардынацыйнай рады, назваўшы адʼезд уцёкамі. Аляксандр Лукашэнка ў размове з расейскімі прапагандыстамі завіў, што Марыя Калеснікава хацела ўцячы да сястры ва Украіну, але і бацька Калеснікавай і Антон Раднякоў з Іванам Краўцовым зняпраўдзілі заяву Лукашэнкі. Дзе яна цяпер, невядома.

Акцыя салідарнасці з Марыяй Калеснікавай і брутальныя затрыманні

8 верасня ў Менску адбылася стыхійная акцыя салідарнасці з Марыяй Калеснікавай, якую невядомыя выкралі 7 верасня. Мітынг прайшоў ля Камароўскага рынку. На яго сабралася некалькі соцень людзей. Людзей выхоплівалі з натоўпу сілавікі без апазнавальных знакаў. Паводле ПЦ «Вясна», затрымалі не менш за 50 чалавек.

Акцыя салідарнасці з затрыманай Марыяй Калеснікавай. Менск, Беларусь. 8 верасня 2020 г. Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

Выступ Святланы Ціханоўскай у ПАСЕ

Святлана Ціханоўская выступіла ў Парламенцкай асамблеі Савету Еўропы. Яна заявіла, што Лукашэнка не мае законных падставаў заставацца прэзідэнтам Беларусі.

Акцыя салідарнасці з затрыманай Марыяй Калеснікавай. Менск, Беларусь. 8 верасня 2020 г. Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

Лукашэнка – расейскім прапагандыстам: магчыма, я пераседзеў

8 верасня дзейны кіраўнік Беларусі сустрэўся з расейскімі журналістамі-прапагандыстамі і даў ім інтэрвʼю.

Сярод іншага Лукашэнка заявіў, што не будзе сыходзіць з пасады кіраўніка краіны.

«Калі я пайду, маіх прыхільнікаў будуць рэзаць», – сказаў ён у размове з расейскімі журналістамі.

Акцыя ў Менску. 6 верасня. Фота belsat.eu

Менск прадставіў АБСЕ і Маскве свой план выхаду з крызісу

Паводле цяперашніх уладаў Беларусі, выйсці з палітычнага крызісу магчыма прыняўшы новы варыянт Канстытуцыі, якая паменьшыць ролю прэзідэнта. Прапануецца зрабіць гэта да 2022 года, а затым правесці ўсеагульныя перавыбары.

Акцыя ў Менску. 6 верасня. Фота belsat.eu

У рэдактаркі аддзелу навінаў TUT.BY Галіны Уласік прайшоў вобшук, дачку забралі ў міліцыю

Суд над дачкой рэдактара TUT.BY Валерыяй працягнецца 9 верасня. У суд выклікаюць участковага, які складаў пратакол. Валерыю вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі, а таксама падазраюць у датычнасці да арганізацыі масавых беспарадкаў. Следчы камітэт інфармацыю, што супраць дзяўчыны вядзецца крымінальная справа, пакуль не пацвярджае.

belsat.eu

Hавiны