«Вярнуць сабе яркасць». Як сустракае Новы год «экстрэмістка» і маці чатырох дачок Ганна Куліева


Да 30-гадовай Ганны Куліевай – яе ведалі ў Віцебску як Зефірку – прыходзілі з ператрусам пяць разоў. Асобы ў пагонах і без пагон дапытвалі, шантажавалі, правакавалі, запісвалі пакаянныя відэа, кідалі ў ізалятар. Вырабілі стос пратаколаў і завалілі імі суды. Але непакорлівая, на той час з ярка-аранжавай фрызурай, віцяблянка не ўмела ператварыцца ў «шэрую мышку». Тады асобы ў пагонах ды іншыя асабісты прыйшлі да Ганны ў шосты раз. На самым золку, калі чатыры дачкі Ганны даглядалі свае самыя салодкія сны…

Ганна, маці 4-х дзетак і актывістка з Віцебску, якая вымушана з’ехала з Беларусі праз палітычны пераслед.
Фота: KK / Белсат

«Прыйшлі на наступны дзень, як забілі таго кадэбіста (Дзмітрый Федасюк быў застрэлены 28 верасня айцішнікам Андрэем Зельцарам – заўв. ЗК). Ніякіх каментароў пра гэта забойства я нідзе не пісала. Нават даведалася пра яго толькі позна ўночы. А прыехалі яшчэ да 7-й раніцы. Калі ўваліліся, дзяўчынкі яшчэ спалі…» – расказвае Ганна Куліева.

«Яны зноў за мамай прыехалі!»

Ганна частуе нас гарачым расольнікам на кухні ў Варшаве. Дзяўчынкі, пасля вітальных абдымкаў, збягаюць у свой пакой. Гэта хостэл. Ганна пакінула радзіму пасля таго, як у Віцебску на яе завялі крымінальную справу за нібыта «стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім» (арт. 361 КК).

«Нават не ведаю, якім цудам мяне наагул выпусцілі ў той дзень з пастарунку, таму што ў кабінеце чула пра тое, што мяне збіраюцца везці ў СІЗА.

Зноў дзецьмі шантажавалі: маўляў, пойдзеш сядзець, а дачок – у дзетдом адправім. Чаму выпусцілі – не ведаю. Але гэта быў шанец. Натуральна, дзеля дзяцей я сюды і паехала», – кажа Ганна.

Фота: KK / Белсат

У Варшаве сям’я – без малога два месяцы. Да гэтага быў каранцін і лагер для ўцекачоў, з якога, як кажа Ганна, іх «выцягнулі добрыя людзі», беларусы. Знайшлі для віцяблянак хостэл. Аднак страх пакуль не знік, прызнаецца.

«Калі сядзелі на каранціне, падʼехала польская паліцыя для праверкі – у маіх дзяўчынак ледзь істэрыка не здарылася: «Яны зноў за мамай прыехалі!»

Давялося тлумачыць, што і ў Польшчы ёсць свая паліцыя, але «яны» не такія, і гэта не «за мамай», – узгадвае маці чатырох дачок.

«Супакоюся – і вярну свой ярка-аранжавы колер»

Старэйшай Лізавеце – 14 гадоў, Варвары – 9, Насце – 6, малодшанькай Васілісе – 5. Падалося, што нашае пытанне, ці чакаюць яны на Дзеда Мароза, збянтэжыла дзяўчынак. Наста прысоўваецца бліжэй і шэпча на вуха: «А Ліза сказала, што Дзеда Мароза не існуе». У другім вуху чую: «Але ён прыйдзе!» Гэта Васіліса. «Абавязкова прыйдзе!» – адказваю таксама шэптам. І падміргваю маме.

Фота: KK / Белсат

Ганна – варшаўская – розніцца ад той, якую ведалі ў Віцебску. Больш засяроджаная. Колькі дзён таму «экстрэмістка» памяняла колер фрызуры: з «медзянога» – на шэра-чорны, з фіялетавым адлівам.

«Проста захацелася схавацца і не вылучацца пакуль што. Ну, прамежак такі: не ведаеш, куды сябе падзець, што зрабіць і чым дапамагчы.

Калі больш-менш супакоюся – вярну свой ярка-аранжавы колер. Але ў душы я засталася такой жа. І пазіцыю сваю не змяніла. Мы ўсё адно пераможам! Рана ці позна. І тады я змагу вярнуцца са сваімі дзецьмі дадому. Вельмі цягне…» – прызнаецца Ганна.

Яна мяркуе: усё, што рабіла так званая міліцыя ў Беларусі – гэта ўсцяж знішчала ў людзей яркасць.

Скараварка і цуды

Перамяшчаемся з кухні ў пакой, у якім туліцца ўся сямʼя. З мэблі – тры ложкі, стол, тумбачкі. Перад выхадам на балкон – бел-чырвона-белы сцяг. У пакоі – каробкі з «гуманітаркай». Мікрахвалёўка. Мяккія цацкі, сімпатычная ялінка. Даволі цёпла.

Фота: KK / Белсат

«Мяне тут добра прынялі, вельмі ўдзячная Польшчы. Але дом ёсць дом. Там не трэба думаць пра тое, пра што думаеш тут: як сабраць грошай, як іх зарабіць, як зняць кватэру?

І кватэры ж тут нятанныя. А ў мяне чацвёра дзяцей, і арэндадаўцы далёка не ў захапленні ад гэтага», – распавядае Ганна.

Клопатаў хапае. Ганна кажа, што яны ўжо падаліся на міжнародную абарону. Зараз ёй і дзеткам выплачваюць дапамогу, але амаль усе грошы ідуць на аплату хостэла. Працаваць Ганна пакуль не мае права.

«У хостэле планую застацца, пакуль не назапашу грошай, каб зняць кватэру, якую яшчэ трэба неяк знайсці», – кажа жанчына.

«Дзякуй таксама хацела сказаць валанцёрам, якія нам падарылі мікрахвалёўку і дапамаглі з посудам. А на астатняе неяк заробім – дамо рады. Не праз такое людзі праходзяць», – дадае.

Фота: KK / Белсат

Ганна прызнаецца, што ў цуды ўжо не верыць. «Цуды мы ствараем уласнымі рукамі», – кажа. І цудам называе тое, што з Віцебску ім змаглі перадаць скараварку – неабходную для вялікай сямʼі рэч. Перадалі і беларускія цукеркі. «І зефір?» – смяюся. Віцебская Зефірка нарэшце ўсміхаецца: не. Але прызнаецца, што сумуе па беларускіх пельменях і салу.

«Са сном пакуль катастрофа»

Пакуль перакідваемся словамі і ўсмешкамі з мамай, дзяўчынкі цалкам сыходзяць у свае мабільны сусвет. Акрамя старэйшай Лізы: яна з сурʼёзным выглядам, па-даросламу, слухае нашую размову. Па словах мамы, ужо спрабуе чытаць па-польску. Рыхтуецца пасля вакацыяў пайсці ў новую школу.

«Ялінка? Яе мама выбірала, а мы ўпрыгожвалі. Пра падарункі, шчыра кажучы, і не думала нават. Хіба што – планшэт. Каб маляваць», – прызнаецца Лізавета.

Мама, між тым, з непакоем пазірае на малодшанькіх.

Фота: KK / Белсат

«Са сном у нас пакуль катастрофа. Удома было прасцей: паклаў спаткі – і ўсё. А тут – і дзве, і тры гадзіны ўкладвання.

Думаю, гэта праз стрэсавую сітуацыю. Праз гэтыя пастаянныя перабежкі. На псіхіку ўплывае, канечне. Але пра свае страхі не расказваюць – пэўна, маму аберагаюць», – расказвае Ганна.

Ліза спіць з Васілісай, Варвара – з Настай. Трэці ложак – для мамы. Ганна прызнаецца, што сама зараз займаецца з псіхолагам.

«Спачатку бунтавала: што, так бачна, што мне патрэбны псіхолаг? Маўляў, сама дам рады, не маленькае дзяўчо. Але калі троху пазаймалася, то зразумела, што становіцца лягчэй. Выгаворваюся, робім розныя практыкаванні. Супакойваюся», – дзеліцца Ганна Куліева.

«Велым, мозам, пеламозам!..»

Просім згуртавацца для агульнага фота. Хтосьці з дзяўчынак казыча маму. Казытання, аказваецца, баяцца ўсе Куліевы. Але як толькі бяром у кадр – хаваюць эмоцыі.

Фота: KK / Белсат

«На Новы год хацелася б проста пагуляць на дварэ, зляпіць снежную бабу. У Беларусі не паспелі, бо там снегу не было, і мы хутка зʼехалі. Але і тут сёння не лепіцца – проста на вачах бурыцца. Хачу яшчэ, каб на свята мама макарошкі з сырам прыгатавала. І торт. Такі самы, як быў на Каляды», – дзеліцца жаданнямі Варвара, хіба самая гаваркая з сясцёр.

Наста хацела б атрымаць у якасці навагодняга падарунку дыназаўрыка Цірэкса, мяккую цацку – каб ахоўваў яе сон. А 5-гадовая Васіліса марыць пра мабільны тэлефон.

«Чаго чакаю ў новым годзе? Толькі перамогі. Змагацца і тут буду. Найперш, мяркую, мусім дапамагаць суайчыннікам, якія сюды прыязджаюць. Бо гэта рэальна вельмі цяжка. Маральна цяжка, і фінансава цяжка, і фізічна. І ты не ведаеш, што з табой будзе далей. Куды ісці, што рабіць, дзе ўзяць…» – кажа Ганна.

«А змагацца – трэба. Страшна, балюча, цяжка – але трэба. І пісаць лісты тым, хто ў няволі ў Беларусі. І дапамагаць сваякам палітвязняў, бо ім таксама вельмі цяжка. Дзецям. Маліцца за ўсіх. Каб выйшлі адтуль як мага раней, жывыя і здаровыя», – дадае.

Фота: KK / Белсат

У хостэле, дзе пасялілася Ганна з дочкамі, жыве больш за 20 чалавек. Большасць з іх – беларусы. Ганна ўпэўненая, што на Новы год усе яны загадаюць аднолькавае жаданне («Нават агучваць не буду»). Але гэта ўжо іншая гісторыя. Маленькая Васіліса на развітанне з намі ўздымае кулачок: «Велым, мозам, пеламозам!..»

Калі выходзім – у Варшаве змяркаецца. Але ловім сябе на думцы, што ўжо некалькі дзён, як святло прыбывае. Штохвіліны…

Як дапамагчы сям’і

Дапамагчы сямʼі Ганны Куліевай можна, зрабіўшы грашовы пераказ на банкаўскую картку:

  • Нумар рахунку ў Польшчы: 16 1020 1260 0000 0102 0206 0630, Нanna Kuliyeva, PKO Bank Polski.
  • Нумар беларускай карты: 4255 1901 2102 6481 («Беларусбанк»).

Фота: KK / Белсат

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў