Сабралі амаль Br 140 мільёнаў штрафаў. У бюджэт на 2021 год унеслі ўдакладненні


У канцы снежня з’явіўся Указ аб удакладненні асобных паказнікаў рэспубліканскага бюджэту на 2021 год. Паводле дакументу, у некаторых пунктах бюджэту краіны адбыліся істотныя змены. «Белсат» падрыхтаваў падбор найцікавейшых з іх.

Ілюстрацыйнае фота.
Фота: АВ / Белсат

Змены ў прыбытках дзяржавы

Згодна з указам, найвялікшыя змены ў плане прыбыткаў дзяржавы зазналі зборы ад падаткаў, што аказаліся вышэйшымі за планаваны памер на Br 2,5 мільярда. У пераважнай большасці гэтая сума амаль у роўных частках узрасла за кошт падаткаў на даход і прыбытак, падаткаў на тавары і падатковых даходаў ад вонкаваэканамічнай дзейнасці – на 744, 872 і 968 мільёнаў рублёў адпаведна.

Акрамя падаткаў, сёлета з беларусаў сабралі істотна больш штрафаў і ўтрыманняў – канчатковая сума перавысіла планаваную на Br 49,28 мільёна рублёў. Прычым самых штрафаў сабралі на Br 49,75 мільёна больш, чымся планавалася. Калі ўлічваць, што першапачатковы план гэтых даходаў ацэньвалі на Br 90 мільёнаў, то яго перавелічэнне склала амаль 50 %.

У гэты ж час на Br 42 мільёны аказаліся меншымі бязвыплатныя паступленні ў бюджэт.

Змены ў выдатках дзяржавы

Найвялікшыя змены ў выдатках дзяржавы ў 2021 годзе зазнала сістэма аховы здароўя: яны ў выніку аказаліся большымі ажно на Br 132,66 мільёна.

Выдаткі на судовую ўладу, праваахоўную дзейнасць і запэўніванне бяспекі выраслі на Br 56,66 мільёна, што амаль супала з павелічэннем прыбыткаў дзяржавы ад штрафаў. Найбольшая частка перавышэння прыбыткаў у гэтай частцы бюджэту ў асноўным прыпала на органы ўнутраных справаў, органы памежнай службы і органы дзяржаўнай бяспекі – 36, 7,2 і 8,77 мільёна рублёў адпаведна.

Паралельна з гэтым узраслі і выдаткі на нацыянальную абарону – на Br 31,53 мільёна.

Hавiны
Міністэрства фінансаў больш не ўказвае дэталізацыі дзяржаўных пазык
2021.12.31 11:10

ВК belsat.eu

Стужка навінаў