«Які ад яго толк, калі ён прыйдзе проста галасаваць». Ва УНС не змогуць трапіць звычайныя грамадзяне


Падчас чарговага абмеркавання стварэння Усебеларускага народнага сходу ўздымалася пытанне пра яго колькасны склад і тое, хто можа стаць дэлегатам. Старшыня камісіі ў справе эканомікі, бюджэту і фінансаў Савету Рэспублікі Таццяна Рунец заявіла, што дэлегатам у УНС можа стаць толькі грамадзянін, які «выказвае пазіцыю, бярэ ўдзел у грамадскім аб’яднанні або партыі альбо ёсць дэпутатам». Пра гэта паведамляе агенцтва «Минск-Новости».

Таццяна Рунец.
Фота: sb.by

Паводле Таццяны Рунец, калі разглядалі праект Канстытуцыі, самыя вялікія дэбаты былі менавіта наконт Усебеларускага народнага сходу. У тым ліку абмяркоўвалі колькасць яго ўдзельнікаў: першапачаткова прапаноўвалі вылучаць 2500 дэлегатаў, аднак пазней вырашылі, што дастаткова будзе 1200.

«Будзе прадстаўлены ўвесь цвет нашага грамадства. Паколькі жыццё не стаіць на месцы, калі трэба будзе павялічыць або паменшыць колькасць удзельнікаў, унясём змены», – сказала Рунец.

Чыноўніца расказала, што ім паступала шмат прапаноў ад звычайных людзей, якія гатовы былі браць удзел у сходзе:

«Мы ўсё ж прыйшлі да высновы, што калі чалавек не мае грамадзянскай пазіцыі, нідзе не задзеяны, то які ад яго толк, калі ён прыйдзе проста галасаваць. Усё ж такі ўдзельнікам УНС павінен быць той, хто выказвае пазіцыю, бярэ ўдзел у грамадскім аб’яднанні ці партыі альбо ёсць дэпутатам».

У абарону такога рашэння Рунец заклікала згадаць традыцыі беларускага народу – талаку і веча, калі людзі збіраліся і развязвалі важныя праблемы разам.

Днямі апублікавалі два законапраекты, якія паказваюць, як будуць праходзіць выбары ў Беларусі: унесеныя змены ў Выбарчы кодэкс і законапраект аб Усебеларускім народным сходзе. Пакуль выбарчыя кампаніі ў краіне праходзіць не будуць, а наступныя выбары – дэпутатаў парламенту і мясцовых саветаў – пройдуць толькі 25 лютага 2024 года. Потым цягам 60 дзён павінен быць сфармаваны УНС.

Раней на нарадзе Аляксандр Лукашэнка сказаў, што Усебеларускі народны сход павінен мець не толькі паўнамоцтвы, прадугледжаныя Канстытуцыяй, але і нейкія іншыя. Тады шмат хто з гэтых словаў зрабіў выснову, што гаворка акурат пра адмену ўсенародных выбараў прэзідэнта ды ягонае прызначэнне на УНС. Але ў абнародаваным законапраекце пра гэта нічога не гаворыцца.

Каментар
«Рызыкоўны эксперымент». Абнародаваны законапраект аб Усебеларускім народным сходзе
2022.10.24 18:18

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў