Дыпламаты еўрапейскіх краінаў наведалі Курапаты напярэдадні Дзядоў


Днём 31 кастрычніка дыпламаты краін Еўропы наведалі Курапаты напярэдадні Дзядоў. Раней у Курапатах у ноч з 29 на 30 кастрычніка беларусы ўшаноўвалі памяць расстраляных НКВД прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты ў 1937 годзе, пакуль гэта не стала небяспечным. Аднак еўрапейскія дыпламаты традыцыйна працягваюць гэта рабіць.

Дыпламаты еўрапейскіх краінаў наведалі Курапаты 31 кастрычніка 2022 года.
Фота: European Union in Belarus/Facebook

«Напярэдадні Дзядоў, Дня памяці продкаў, паводле даўняй традыцыі дыпламаты краін Еўрапейскага звязу, Вялікай Брытаніі і Швейцарыі наведалі Курапаты, каб ушанаваць памяць пра незлічоныя жыцці і таленты, знішчаныя пошасцю таталітарызму. Народны мемарыял Курапаты – сведка нястомнай працы многіх адважных беларусаў, што ў любое ліхалецце дбалі пра абарону годнасці ахвяраў і нацыянальнай гістарычнай памяці. Маем надзею і молімся, каб урокі гісторыі былі засвоеныя», – гаворыцца ў паведамленні.

Дыпламаты еўрапейскіх краінаў наведалі Курапаты 31 кастрычніка 2022 года.
Фота: European Union in Belarus/Facebook

Калі ў мінулым годзе, 29 кастрычнікі, еўрапейскія дыпламаты прыехалі ў Курапаты, каб ускласці кветкі да мемарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсій, на месцы іх ужо чакалі прапагандысты з БТ і СТВ. Яны «накінуліся» на дыпламатаў з пытаннямі спрабавалі пераўтварыць жалобнае мерапрыемства ў прэсавую канферэнцыю для сваіх каналаў.

Агляд
Курапаты. Дарога памяці даўжынёй 85 гадоў
2022.10.29 19:54

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў