«Айцішнікі прадалі кватэры і з'ехалі». Упершыню беларусы даслалі за мяжу больш грошай, чым атрымалі


Нацбанк Беларусі раскрыў інфармацыю пра грашовыя пераводы праз міжнародныя плацежныя сістэмы за трэці квартал 2022 года. Высветлілася, што ўпершыню сума пераводаў за мяжу перавысіла паступленні з-за мяжы. У размове з «Белсатам» навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна звязала гэта з рэлакацыяй айцішнікаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Нацыянальны банк Беларусі абнародаваў свежую інфармацыю пра грашовыя пераводы праз міжнародныя плацежныя сістэмы. Улічваліся аперацыі сістэм «Юнистрим», «Золотая корона», «Money Gram», «Contact» і «Сбербанк Онлайн». Высветлілася, што за трэці квартал 2022 года ў Беларусь прыйшло з-за мяжы крыху больш за 59 мільёнаў 342 тысячы долараў у эквіваленце, а за мяжу беларусы даслалі амаль 79 мільёнаў 379 тысяч долараў. Для параўнання: у другім квартале сёлета ўваходныя пераводы – 115 мільёнаў 246 тысяч, выходныя – 78 мільёнаў 38 тысяч долараў.

Статыстыка Нацыянальнага банку пра грашовыя пераводы ў 2022 годзе. Крыніца: Нацбанк Беларусі / nbrb.by

Нацбанк публікуе квартальную статыстыку па пераводах з 2016 года, з той пары ніколі не было такога, каб за квартал беларусы даслалі за мяжу больш грошай, чым атрымалі з-за мяжы.

Што праўда, у суме за 9 месяцаў сёлета статыстыка агулам памысная для Беларусі: з краіны вывелі 198 мільёнаў 243 тысячы долараў, а перавялі ў краіну 246 мільёнаў 962 тысячы долараў.

А што здарылася?

Старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна растлумачыла квартальную «сенсацыю» рэлакацыяй айцішнікаў і асобаў іншых спецыяльнасцяў. У каментары для «Белсату» экспертка зрабіла здагадку, што людзі пачынаюць прадаваць у Беларусі нейкую маёмасць, пераводзяць грошы і з’язджаюць – і менавіта таму выходныя пераводы перавысілі ўваходныя.

«Моцных скачкоў у адтоку грошай не назіраем, але бачым павелічэнне. Хутчэй за ўсё, гэта звязанае з рэлакацыяй. Людзі проста выводзяць грошы ў краіны, куды яны рэлакуюцца. Напрыклад, асоба прадала кватэру ці машыну, на руках вялікая сума, якую ў кішэнях з сабою не павязеш. Вось гэтую суму асоба пераводзіць – гэта складана, але магчыма», – кажа Лузгіна.

Што тычыцца пераводаў з-за мяжы, то тут адбіліся санкцыі і таксама эміграцыя беларусаў, у першую чаргу – айцішнікаў, мяркуе экспертка BEROC.

«Айцішнікі часта працуюць на фрылансе, атрымліваюць грошы на рахункі ў замежных банках альбо на адмысловых платформах і потым пералічваюць заробак на рахункі ў Беларусі. Але цяпер айцішнікі, груба кажучы, зʼехалі. У выніку мы бачым сцісканне ўваходных пераводаў, прытоку валюты ў краіну сярод фізічных асобаў», – тлумачыць Лузгіна.

Праз заходнія санкцыі зрабіць грашовы перавод стала тэхнічна складаней: некаторыя беларускія банкі адключылі ад сістэмы SWIFT, з краіны сышлі плацежныя сістэмы.

«Шэраг беларускіх банкаў пад санкцыямі, гэта робіць больш складанымі міжнародныя пераводы. Гэта больш тычыцца не Расеі, а заходніх краінаў, ЕЗ, ЗША – пераводаў у еўра і доларах. Гэты фактар мусіў падзейнічаць, і ён падзейнічаў», – адзначыла суразмоўніца «Белсату».

Настасся Лузгіна наракае на недахоп звестак, каб глыбока прааналізаваць грашовыя плыні: напрыклад, Нацбанк не паведамляе, у якія краіны і з якіх краінаў былі пераводы.

Як перавесці грошы?

Пасля пачатку вайны ва Украіне з Беларусі сышлі дзве сістэмы пераводаў грошай: «Western Union» і «Ria Money Transfer». Даслаць грошы за мяжу (акрамя Расеі) можна праз сістэмы «Юнистрим», «Золотая корона», «Contact» і «Money Gram». Што праўда, не ўсе яны дазваляюць дасылаць грошы, напрыклад, у Польшчу ці Літву.

У Беларусі яшчэ дасяжныя SWIFT-пераводы ў шмат якіх банках, акрамя «Белінвестбанку», «Белаграпромбанку», «Банку развіцця» і банку «Дабрабыт», якія трапілі пад санкцыі. Але гэтыя пераводы больш пасуюць для буйных сум. Камісію дзяруць і банк-адпраўнік, і банк-пасярэднік, а часцяком – і банк-атрымальнік. Да таго ж ідуць такія пераводы доўга.

У некаторых беларускіх банкаў ёсць магчымасць перавесці грошы наўпрост з карткі на картку замежнага банку.

Зрабіць перавод з-за мяжы ў Беларусь таксама можна з дапамогай SWIFT і пэўных плацежных сістэм накшталт «Money Gram». У эмігранцкіх чатах беларусы ў Літве і Польшчы часцей за ўсё пішуць пра анлайн-сэрвісы «Paysend», «Fin.do» і «Wise».

Аналітыка
Польшча ў лідарах. Топ-10 краінаў для працоўнай міграцыі беларусаў у 2022 годзе
2022.10.30 08:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў