ААН, Турцыя і Украіна ўзгаднілі праходжанне суднаў са збожжам па Чорным моры. Расею праінфармавалі


Рух 14 сухагрузаў з украінскім збожжам і іншымі харчамі будзе ажыццяўляцца міжнароднымі гуманітарнымі калідорамі праз Чорнае мора. Да такой дамоўленасці прыйшлі Украіна, Турцыя і ААН, гаворыцца ў паведамленні Супольнага каардынацыйнага цэнтру ў Стамбуле. Таксама ААН праінфармавала аб гэтым Расею.

Адпраўка першага карабля са збожжам з Украіны ў Басфор. Адэса, Украіна. 29 ліпеня 2022 года.
Фота: Сельхуда / Белсат

«Дэлегацыі Украіны, Турцыі і Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў узгаднілі план руху на заўтра, 31 кастрычніка, праз марскія гуманітарныя калідоры 14 суднаў: 12 – на выхад і 2 – на ўваход. Дэлегацыя ААН як Сакратарыят СКЦ праінфармавала дэлегацыю Расейскай Федэрацыі аб перамяшчэнні суднаў у адпаведнасці з вызначанымі працэдурамі», – паведамляе Супольны каардынацыйны цэнтр.

Усе ўдзельнікі каардынуюць сваю работу з уласнымі вайскоўцамі і іншымі адпаведнымі органамі, каб гарантаваць бяспечны праход суднаў у рамках Чарнаморскай збожжавай ініцыятывы, дадалі ў каардынацыйным цэнтры. ААН і Турцыя дадуць персанал для інспекцыі 40 караблёў, якія будуць рухацца з Чорнага мора.

Паведамляецца, што за гэтыя содні ў рамках збожжавай угоды з партоў Украіны выйшлі шэсць караблёў, але яны пакуль не дасягнулі гуманітарнага калідору.

Паводле звестак Міністэрства інфраструктуры Украіны на 30 кастрычніка, у збожжавым калідоры былі заблакаваныя 218 суднаў са збожжам.

Нагадаем, Расея вечарам 29 кастрычніка заявіла, што выходзіць са збожжавай угоды пасля нападу на караблі Чарнаморскага флоту ў Севастопалі. Пра гэта гаворыцца ў заяве Мінабароны РФ. Свае заявы зрабілі МЗС і Міністэрства сельскай гаспадаркі Расеі і прэс-сакратар прэзідэнта Украіны. Пракаментавалі сітуацыю і ў МЗС Украіны.

Абноўлена
У Расеі заявілі аб выхадзе са збожжавага пагаднення. Што вядома
2022.10.29 19:06

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў