Кошты, законы і санкцыі? Што зменіцца для беларусаў у лістападзе


Новы месяц – новыя змены. Сабралі для вас асноўныя новаўвядзенні, якія чакаюць беларусаў у лістападзе.

Цыгарэты падаражэюць. А сувязь?

З 1 лістапада Гарадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман» павышае цэны на некаторыя віды цыгарэт. На 5-10 капеек стануць даражэй некаторыя «Pall Mall» і «Kent», на 10 капеек – пэўныя віды «Vogue», на 10-15 капеек – на некаторыя віды «Rothmans».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ПБ / Белсат

З цыгарэт, якія ўвозіць кампанія «Беларусьгандаль», на 10 капеек падаражэюць «Vogue», «Dunhill», «Pall Mall Nano Blue», на 95 капеек – «Kent Navy Blue», «Kent Silver». Некаторыя віды «Pall Mall» стануць даражэйшымі на 46-65 капеек.

Hавiны
З лістапада павялічваюцца кошты на цыгарэты. Некаторыя маркі падаражэюць амаль на 1 рубель
2021.10.27 15:51

Таксама з 1 лістапада маюць вырасці тарыфы на паслугі доступу ў інтэрнэт і мабільную сувязь. Гэта мусіла адбыцца яшчэ месяц таму, з 1 кастрычніка, але «Белтэлекам», «А 1» і МТС разам адклалі павышэнне тарыфаў.

«Белтэлекам» павялічвае кошт доступу ў інтэрнэт, акрамя пакетных лінеек «ЯСНА», «Сямейны» і «Бізнес-кейс». «А1» павышае абаненцкія платы на тарыфных планах для фізічных і юрыдычных асоб, кошт выклікаў на некаторых тарыфах, інтэрнэт-трафіку звыш уключанага ў абаненцкі пакет для юрыдычных асоб, а таксама кошт паслуг у роўмінгу і міжнародных выклікаў. А МТС падвышае тарыфы кошт абаненцкай платы на тарыфных планах сотавай сувязі, галасавых выклікаў, мабільнай перадачы звестак і іншага.

Новыя рэйсы… у Расею

Ва ўмовах заходняй блакады за пасадку самалёту «Ryanair» Беларусь працягвае павялічваць колькасць рэйсаў у Расею.

Гэтак, з 10 лістапада запусцяць рэгулярны авіярэйс Масква – Гомель – Масква. Палёты расейскай авіякампаніі «Северный ветер» будуць будуць выконвацца тройчы на тыдзень – па панядзелках, серадах і суботах. А авіякампанія «Азимут» з 4 лістапада пачне выкананне адзін раз на тыдзень рэгулярных рэйсаў з Калугі ў Менск.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: АВ / Белсат

Таксама з 3 па 29 лістапада павялічваецца перыядычнасць курсавання цягніка нумар 302/301 Менск/Гомель – Адлер фармавання Беларускай чыгункі. Ён будзе хадзіць праз дзень, а цяпер курсуе адзін раз на чатыры дні.

Каму – канікулы, а каму – войска

Першы тыдзень лістапада беларускія школьнікі правядуць на вакацыях. Афіцыйна яны цягнуцца з 31 кастрычніка па 7 лістапада.

Пры гэтым у лістападзе будзе працягвацца адпраўка ў войска прызыўнікоў. Адпраўка новага папаўнення ў войскі з абласных зборных пунктаў краіны ва Узброеныя Сілы прадоўжыцца па 5 лістапада, у іншыя войскі і воінскія фармаванні – па 30-га.

Санкцыі будуць?

Hавiны
Санкцыі Еўразвязу крыху адкладаюцца? Журналіст «Свабоды»: «Пяты пакет можа быць гатовы ў лістападзе»
2021.10.15 12:31

Карэспандэнт радыё «Свабода» ў Бруселі Рыкард Юзвяк раней перадаваў, што пяты пакет санкцыяў Еўразвязу супраць беларускага рэжыму мае быць гатовы да канца кастрычніка. У апошні раз ён пісаў, што пакет можа быць гатовы ў лістападзе.

Пяты пакет санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі будзе накіраваны найперш супраць асобаў і кампаній, адказных за перапраўку мігрантаў з краін Блізкага Усходу і Афрыкі ў ЕЗ праз тэрыторыю Беларусі.

Артыкулы
Амбасадар ЕЗ у Беларусі распавёў, супраць каго будзе скіраваны пяты пакет санкцыяў
2021.10.27 09:46

Пакуль жа Украіна перадумала аднаўляць з 1 лістапада імпарт электраэнергіі з Беларусі, які быў прыпынены ў траўні. Спачатку забарона дзейнічала да 1 кастрычніка, але пасля яе працягнулі яшчэ на адзін месяц. Але і пасля выявілася, што аднаўлення паставак не будзе.

Між тым своеасаблівыя санкцыі ўжывае Расея, у чарговы раз адмаўляючы ў персанальнай сустрэчы Аляксандру Лукашэнку. 4 лістапада мае прайсці пасяджэнне Высокага дзяржсавету «саюзнай дзяржавы», на якім планаваўся «рашучы крок у нашай інтэграцыі». Але, як стала вядома, кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін прыме ўдзел у ім па відэасувязі.

Hавiны
Пуцін не прыедзе на дзяржсавет Саюзнай дзяржавы: яго правядуць праз відэасувязь
2021.10.28 13:51

Новыя законы

15 лістапада ўступае ў моц закон «Аб абароне персанальных звестак». Згодна з ім, персанальнымі звесткамі будзе лічыцца любая інфармацыя, з дапамогай якой можна наўпрост або ўскосна ідэнтыфікаваць фізічную асобу.

Новы закон уводзіць свае «правілы гульні» для ўсіх, хто нейкім чынам звязаны з апрацоўкай звестак фізічных асобаў.

«Калі Ваша мабільнае прыкладанне, вэб-сэрвіс або платформа так ці інакш атрымлівае доступ да звестак фізічных асобаў, варта задумацца, ці не парушаеце вы чые-небудзь правы, а заадно і новы Закон», – кажуць юрысты.

Сачыць за выкананнем закону будзе адмыслова створаны Нацыянальны цэнтр абароны персанальных звестак. За ім будуць замацаваны ў тым ліку пытанні развіцця заканадаўства ў гэтай сферы, кантролі правільнасці абароту персанальных звестак, прыцягненне да адказнасці за невыкананне заканадаўства ў гэтай сферы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ПБ / Белсат

30 лістапада пачынае дзейнічаць пастанова Міністэрства юстыцыі № 181 ад 30 верасня, якая ўрэгулявала пытанні вядзення кнігі рэгістрацыі дамоваў на аказанне юрыдычнай дапамогі. Цяпер кніга рэгістрацыі павінна весціся кожным адвакатам. Дамовы на аказанне юрыдычнай дапамогі рэгіструюцца ў дзень іх падпісання як на папяровым, так і на электронным носьбіце. У другім выпадку яе неабходна вывесці на папяровы носьбіт пасля заканчэння каляндарнага года. Парадак вядзення адвакатам кнігі рэгістрацыі штомесяц будзе кантраляваць загадчык юрыдычнай кансультацыі.

Таксама ў лістападзе плануецца дапрацаваць праект указа аб стварэнні дзяржаўнай карпарацыі сельскагаспадарчага машынабудавання. Ім прапануецца аб’яднаць вытворчы, тэхналагічны, камерцыйны, кадравы патэнцыялы холдынгаў МТЗ, «Гомсельмаш», Менскі маторны завод, «Бабруйскаграмаш», «Лідсельмаш».

Забастоўка і Дзень міжнароднай салідарнасці

Старшыня Беларускага аб’яднання рабочых Сяргей Дылеўскі абвесціў, што з 1 лістапада ў Беларусі распачнецца агульнанацыянальная забастоўка. Ён заклікаў не выходзіць на працу з 1 лістапада, заставацца ўдома.

Сярод патрабаванняў Беларускага аб’яднання рабочых – спыненне рэпрэсіяў і вызваленне палітвязняў, пачатак перамоваў паміж уладамі і дэмакратычнымі сіламі, прывядзенне заробкаў і пенсіяў у адпаведнасць з эканамічнай сітуацыяй, рэалізацыя канстытуцыйнага права на свабоду слова і дзейнасць незалежных прафсаюзаў.

Праўда, у ідэі прызначыць страйк менавіта на 1 лістапада ёсць і нямала крытыкаў, якія лічаць падзею непадрыхтаванай.

А Святлана Ціханоўская абвясціла 27 лістапада Днём міжнароднай салідарнасці з Беларуссю. Паводле яе, палітыкі могуць прымаць рэзалюцыі ў беларускім пытанні для больш актыўнай працы ўнутры канкрэтнай краіны і ў межах міжнародных арганізацыяў – ААН, АБСЕ.

Журналісты могуць прыцягнуць больш увагі да крызісу ў нашай краіне і ўтрымліваць Беларусь у міжнародным парадку дня, а замежныя эксперты – арганізаваць дыскусіі і дапамагчы беларусам са шляхамі выхаду з крызісу.

На яе думку, школьнікі і студэнты могуць разаслаць паштоўкі і лісты палітвязням, гарадскія мэрыі – упрыгожыць будынкі ў беларускіх нацыянальных бела-чырвона-белых колерах у знак салідарнасці і гэтак далей.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў