І што, калі я захварэю? 10 самых важных фактаў пра каронавірус


Галоўнае: вакцынуйцеся, насіце маскі, мыйце рукі, трымайце сацыяльную дыстанцыю. Захварэць і памерці можа любы, нават самы здаровы, а лекаў пакуль няма.

Ілюстрацыйная выява.
Фота: Мікіта Пячэнік / Белсат

Ніжэй – падрабязныя адказы:

1. Ну, захварэю я, і што?

Лепей не трэба. У свеце дасюль нямала людзей, якія лічаць, што лепей перахварэць, чымся вакцынавацца, або што з моцным імунітэтам ад прыроды ковід не страшны. Насамрэч гэты вірус, SARS-CoV-2, новы для чалавека, арганізм не ўмее з ім змагацца, пакуль не сутыкнецца з самім вірусам (і магчымаю хваробай) або вакцынаю. Паводле падлікаў Сусветнай арганізацыі здароўя (WHO), каля 80 % тых, хто хварэе на COVID-19, маюць сімптомы, якія не вымагаюць шпіталізацыі, але каля 15 % моцна хварэюць і маюць патрэбу ў штучнай вентыляцыі лёгкіх, у некаторых можа развіцца паражэнне сэрца, пячонкі і нырак, а каля 5 % паміраюць (адсотак у статыстыцы залежыць ад краіны і, магчыма, ад таго, як у кожнай краіне рэгіструюць прычыны смерці). Каму пашчасціць з бессімптомнаю хваробаю, а хто з хворых памрэ, прадказаць немагчыма.

2. Можа, не так і шмат людзей захварэла ды памерла?

Вось цяпер дакладна зашмат. На момант публікацыі ў свеце зафіксаваныя 5 мільёнаў смерцяў ад каронавіруса (а выпадкаў заражэння выявілі менш за 250 мільёнаў). З улікам так званай залішняй смяротнасці – ад 10 да 20 мільёнаў. У пачатку пандэміі разважалі – «пашанцавала», «не так і шмат памірае», бо чалавецтва сутыкалася і з больш смертаноснымі эпідэміямі. Гэтак, пандэмія чумы ў XIV стагоддзі, вядомая як чорная смерць, забіла, паводле некаторых ацэнак, да 60 % насельніцтва Еўропы. Аднак цяпер, калі вакцыны шырока даступныя, кожная смерць не толькі залішняя, але і такая, якую можна было перадухіліць.

Залішняя смяротнасць у Беларусі за першы год пандэміі склала каля 33 690 чалавек. Ілюстрацыйная выява. На фота: Могілкі ў Лазаўцы, Маладзечна, Беларусь. Красавік 2015 года.
Фота: Julia Szablowska / Facebook

3. Чаму некаторыя пераносяць COVID-19 лёгка?

Гэта невядома. Цяжкае цячэнне хваробы і смерці назіраюць ува ўсіх узроставых групах, ува ўсіх народаў, у людзей з любым станам здароўя да хваробы. Гэта даследуюць, але пакуль больш кажуць не пра тое, чаму хтосьці хварэе лягчэй, а пра тое, у каго больш шанцаў захварэць у цяжкай форме і памерці.

4. Хто ў групе рызыкі?

Усе, але асабліва людзі сталага веку і асобы з пэўнымі хваробамі. WHO адносіць да групы асабліва высокай рызыкі людзей, старэйшых за 60 гадоў, а таксама асобаў, якія маюць праблемы з сэрцам, лёгкімі або высокім крывяным ціскам, хворых на рак, дыябет, атлусценне і гэтак далей. Дзеці хварэюць і паміраюць найменш, але і да іх хвароба дабіраецца ўсё часцей. Калі вы не трапляеце ў групу асаблівай рызыкі, гэта не значыць, што вы ў бяспецы.

5. Якія ёсць лекі ад COVID-19?

Пакуль ніякіх. Шукаюць, але яшчэ не знайшлі эфектыўных, хоць спрабавалі ўжо шмат. Ёсць толькі сродкі ад сімптомаў хваробы і ад хваробаў, што ўзнікаюць паралельна з COVID-19, але няма ад самой прычыны. Напрыклад, антыбіётыкі ўжываюць, калі паралельна з ковідам узнікае бактэрыяльная інфекцыя, але менавіта ад віруса SARS-CoV-2 яны не дапамагаюць. Ды надзея перыядычна з’яўляецца: напрыклад, на момант публікацыі выглядае, што мольнупіравір можа дапамагчы хворым у лёгкай форме не трапіць у шпіталь (але даследаванні не завершаныя).

Hавiны
365 важных словаў пра вакцынацыю супраць COVID-19. Сцісла пра галоўнае
2021.10.23 12:18

6. Што за постковідны сіндром?

На жаль, шмат што. Нават у тых, хто вылекаваўся ад каронавіруснай інфекцыі, па выздараўленні могуць быць разнастайныя пагаршэнні здароўя, ад стомы і галаўнога болю да кагнітыўных праблемаў. Варыянтаў – паўсотні. У любым разе, па хваробе трэба працягваць сачыць за сваім здароўем і кансультавацца з доктарам.

7. Як перадаецца каронавірус?

Праз паветра і паверхні ад інфікаванага чалавека. Асноўны шлях перадачы – праз паветра на дыстанцыі каля 1 метра ад чалавека, які заразіўся каронавірусам (і можа нават не мець сімптомаў). Але вірус SARS-CoV-2 распаўсюджваецца праз гэтак званыя аэразолі – кроплі мікраскапічных памераў – на дыстанцыю больш за 6 метраў, застаецца ў паветры больш за тры гадзіны. Вірус можа заставацца на паверхнях да трох дзён – яго можна падчапіць, калі дакрануцца да заражанай паверхні, а потым да носа, рота ці вачэй. Жывёліны, падобна, не распаўсюджваюць менавіта таго каронавіруса, з якім цяпер змагаецца чалавецтва.

8. Як нам расправіцца з каронавірусам?

Вакцынавацца, насіць маскі, трымаць сацыяльную дыстанцыю. А яшчэ – рэгулярна мыць рукі, праветрываць памяшканні. Іншых варыянтаў няма, а гэтыя парады дзейсныя і бяспечныя. «Белсат» падрабязна разбіраў пытанні пра вакцыны (частка 1 і частка 2) і маскі (частка 1 і частка 2). Беларусам прапануюць расейскі «Спутник V», які паказаў даволі высокую эфектыўнасць і адсутнасць асабліва небяспечных пабочных эфектаў, а таксама менш эфектыўныя кітайскія вакцыны. Але ні вакцыны, ні маскі не даюць поўнай абароны: захварэць, заразіць іншых і памерці можа нават вакцынаваны чалавек, які насіў рэспіратар, толькі шанцы гэтага зусім мінімальныя. Таму нават з вакцынай і маскаю лепей таксама мыць рукі, праветрываць памяшканні і, наколькі магчыма, пазбягаць месцаў, дзе людзі будуць у радыусе колькіх метраў.

Парады
256 важных словаў пра маскі ў пандэмію. Сцісла пра галоўнае
2021.10.28 14:41

9. Не адчуваю пахаў – значыць, COVID-19? А калі адчуваю, то прастуда?

Не факт. Можна перанесці COVID-19 зусім без сімптомаў. Найбольш частыя сімптомы – павышаная тэмпература, сухі кашаль, стома. Часам страту нюху і смаку адносяць да частых сімптомаў, але WHO лічыць іх менш распаўсюджанымі. Да менш распаўсюджаных адносяцца таксама боль у горле, цягліцах і суставах, дыярэя, кан’юктывіт, галаўны боль, высыпанне на скуры ці змена колеру скуры на пальцах. Да дактароў трэба неадкладна звяртацца, калі з’яўляюцца сур’ёзныя сімптомы: калі цяжка дыхаць, сціскае грудзі, парушаюцца маўленчыя ці рухальныя функцыі. Пацыентам з лёгкімі сімптомамі і пры адсутнасці іншых праблемаў са здароўем раяць заставацца ўдома і палегчыць сімптомы даступнымі сродкамі. Але прынамсі дыстанцыйная кансультацыя з доктарам не пашкодзіць – магчыма, вас папросяць здаць тэст на каронавірус. Калі сімптомаў няма, але былі кантакты з інфікаваным, а магчымасці ізалявацца на два тыдні няма, таксама варта здаць тэст.

10. Тэсты на каронавірус бяспечныя?

Тэсты – так, паход на тэст – не заўсёды. Самі па сабе тэсты бясшкодныя, хіба што працэс забору не асабліва прыемны. Але ёсць дзве праблемы. Па-першае, ніякія тэсты не дакладныя на ўсе 100 %, могуць быць памылкова станоўчыя і памылкова адмоўныя вынікі, якія яшчэ трэба ўмець інтэрпрэтаваць. Па-другое, тэст – гэта кантакт з людзьмі, сярод якіх могуць быць хворыя і кепска абароненыя. Без нагоды наведваць клініку для тэсту, куды ходзяць хворыя, – гэта кепская ідэя. Пра магчымасць бяспечна для сябе і іншых здаць тэст трэба пытаць доктара.

АА belsat.eu

Стужка навінаў