«Дамовіліся пабрацца шлюбам пасля суду». Музыка Антон Шніп сустракае Дзень народзінаў у турме


Палітвязень Антон Шніп адзначае свой дзень нараджэння, яму сёння, 1 лістапада, спаўняецца 31 год. Belsat.eu распавядае пра музыку, які трапіў за краты сёлета ў жніўні.

Музыка Антон Шніп. Фота з асабістага архіву
Даведка

Паводле афіцыйнай інфармацыі МУС, музыкаў «Irdorath» вінавацяць па ўдзеле ў мінулагодніх маршах пратэстаў: «Група дудароў летась неаднойчы ўзначальвала калону пратэстоўцаў і праз выкарыстанне духавых інструментаў уцягвала ў несанкцыянаванае масавае мерапрыемства мінакоў…»

Антон Шніп быў затрыманы ўвечары 2 жніўня 2021 года на лецішчы пад Менскам падчас святкавання дня народзінаў вакалісткі гурта «Irdorath» Надзеі Калач разам з іншымі музыкамі. Частку людзей цягам наступных двух дзён асудзілі па адміністратыўных пратаколах аб «непадпарадкаванні міліцыі». Супраць Антона, а таксама Надзеі і Уладзіміра Калачаў, Пятра і Юліі Марчанкаў была распачатая крымінальная справа па арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

Артыкулы
«Цэлы баявік знялі!» Паэтка Юлія Цімафеева – пра зняволенага брата, музыку «Irdorath»
2021.08.29 08:28

Цяпер Антон знаходзіцца ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Менску, яму выстаўлена абвінавачванне па ч. 1 і 2 арт. 342 КК. Па інфармацыі сябраў Антона, на ўсіх затрыманых музыкаў у СІЗА аказваецца ціск. Па начах ім не даюць спаць, будзяць кожныя 2 гадзіны і з усімі рэчамі (у тым ліку матрацам, коўдрай і падушкай) выводзяць з камеры.

Антон мае ўжо 2 вымовы. Калі ён атрымае трэцюю, то трапіць у карцар. Таксама ёсць звесткі, што да Антона падсаджвалі ў камеру псіхічна нездаровых людзей.

Музыка Антон Шніп. Фота з асабістага архіву

Антон Шніп – музыка, мульціінструменталіст, саунд-прадзюсар і мікс-інжэнер. Ён нарадзіўся ў 1991 годзе ў вёсцы пад Менскам. Музыкай ён зацікавіўся яшчэ ў школе, у 14 гадоў стварыў гурт «Black Snow», пра які пісала прэса. Потым далучыўся да гурту «Irdorath», дзе выступаў да 2017 году. Таксама быў удзельнікам гурту «Serdce».

Антон Шніп і ягоная нявеста Вольга. Фота з асабістага архіву

У 2015-м Антон пазнаёміўся са сваёй будучай нявестай Вольгай, якая таксама займаецца музыкай. Разам яны ладзяць музычны праект «OliA», які выпусціў ужо тры альбомы. А ў 2018 годзе Антон запісаў і свой першы сольны альбом – «The Way Home». Тут ён адразу быў і кампазітарам, і выканаўцам, і саунд-прадзюсарам, і мікс-інжэнерам.

«Антон – каласальна таленавіты чалавек, які фантануе ідэямі. У яго велізарная колькасць сваёй сольнай музыкі і відэа працаў. І гэта ўсё не абмяжоўваецца якім-небудзь адным жанрам ці стылем. Антон ведае вельмі шмат пра музыку і пра ўсе яе складнікі. Ён натхняецца таксама гісторыямі і творамі мастакоў, мадэльераў, музыкаў, навукоўцаў, архітэктараў, кінарэжысёраў. Чалавек у прамым сэнсе 24/7 у самаадукацыі і творчасці», – распавядае belsat.eu Дар’я, сяброўка Антона і Вольгі.

Музыка Антон Шніп. Фота з асабістага архіву

Блізкія кажуць, што Антон – вельмі сціплы, светлы і мудры чалавек, які любіць усё жывое і трапятліва ставіцца да прыроды.

«У сваіх лістах ён, вядома, піша, што яму не хапае музыкі. Ён чытае, малюе, займаецца спортам. Перадае прывітанне і падзяку ўсім, хто яго падтрымлівае», – кажа Дар’я.

Антон Шніп. Фота з асабістага архіву

Акрамя музыкі, Антон яшчэ малюе і піша вершы. Вольга і Антон у сваім ліставанні абменьваюцца малюнкамі.

Малюнак Антона Шніпа. Фота з асабістага архіву
Малюнак Антона Шніпа. Фота з асабістага архіву
Малюнак Антона Шніпа, ілюстрацыя да рамана Міхаіла Булгакава «Майстар і Маргарыта». Фота з асабістага архіву

15 кастрычніка Антону і Вользе далі спатканне ў СІЗА. Сустрэча цягнулася каля гадзіны, яны размаўлялі праз двайное шкло і краты. Падчас спаткання Вольга і Антон дамовіліся пабрацца шлюбам пасля суду.

«Яны вераць у святло. Яны вераць адзін у аднога. Воля піша новыя песні, якія прысвячае Антону, а Антон бясконца рамантычны ў сваіх лістах. Нядаўна ў сваім лісце ён напісаў: «Вялікія выпрабаванні нараджаюць вялікае каханне», – кажа суразмоўца belsat.eu.

Малюнкі Вольгі, якія яна даслала Антону ў СІЗА. Фота з асабістага архіву

***

Адрас для лістоў: СІЗА-1. 220030, г. Менск, вул. Валадарскага, 2, Антон Валер’евіч Шніп.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў