5G, пульсаксіметры, новыя штамы… 10 рэчаў пра каронавірус, якіх вы можаце не ведаць


Галоўнае: вакцынуйцеся, насіце маскі, мыйце рукі, трымайце сацыяльную дыстанцыю. Захварэць і памерці можа любы, нават самы здаровы, а лекаў пакуль няма.

Машына хуткай дапамогі ў вечаровым Менску.
Фота: Белсат

Ніжэй – працяг разбору пытанняў пра каронавірус. Першыя 10 пытанняў тут:

Hавiны
І што, калі я захварэю? 10 самых важных фактаў пра каронавірус
2021.11.01 11:42

11. Што рабіць, калі ўжо хварэю?

Ізалявацца, звяртацца да доктара. Калі няма небяспечных сімптомаў (цяжка дыхаць, сціскае грудзі, парушаюцца маўленчыя ці рухальныя функцыі), выклікаць хуткую не трэба – варта найперш звязацца з тэрапеўтам. Магчыма, лекаванне сімптомаў не спатрэбіцца. Калі доктар не скажа іншага, трэба застацца ўдома мінімум на 10 дзён па з’яўленні сімптомаў або пазітыўнага тэсту і яшчэ тры дні пасля знікнення сімптомаў. Трэба быць у ізаляцыі ад іншых людзей і на дыстанцыі прынамсі 1 метр, кантактаваць толькі ў медычнай масцы, піць шмат цёплага, рэгулярна праветрываць памяшканне і мыць рукі (калі ў памяшканні жывуць іншыя людзі, прасіць іх дэзынфікаваць за вамі паверхні, даваць вам асобны посуд, захоўваць смецце ад вас у асобных герметычных пакетах). Падрабязныя інструкцыі па-расейску можна пачытаць тут. Ежу і лекі можна замаўляць праз інтэрнэт, шэраг кампаніяў прапануе бескантактавую дастаўку.

12. Як прасачыць, каб не стала горш?

Мераць тэмпературу, пульс, ціск і насычэнне крыві кіслародам. У Беларусі нормаю для працягу лекавання ўдома лічыцца тэмпература не ніжэй за 35 °С і не вышэй за 38,5 °С, пульс не ніжэй за 40 і не вышэй за 90 удараў за хвіліну (гэта можна палічыць самастойна, маючы гадзіннік з адлікам секундаў), частата дыхання менш за 22 цыклы ўдыху-выдыху за хвіліну, насычэнне крыві кіслародам больш за 94 %, адсутнасць упартага сухога кашлю, нарастання галаўнога болю, галавакружэння ці затарможанасці свядомасці, адсутнасць пасінення вуснаў і носа або збляднення скуры, адсутнасць рэзкіх перападаў ціску і сісталічны ціск (тая лічба, якую называюць першай у фразе «X на Y») не ніжэй за 100 і не вышэй за 180. Пульсаксіметры маюць далёка не ўсе, а новы каштуе ў Беларусі ад 40 рублёў. Калі будзеце пазычаць у знаёмых, папрасіце інструкцыю або адшукайце ў інтэрнэце (падчас вымярэння нельга зазіраць усярэдзіну прыбора, на пазногці не павінна быць лаку, замер нельга рабіць пад моцнаю крыніцаю святла і гэтак далей).

Пульсаксіметр.
Фота: subarasikiai / pixabay.com

13. Наколькі ўсё кепска з COVID-19 у Беларусі?

Не ведаем дакладных лічбаў, але ўсё сапраўды кепска. Афіцыйная статыстыка аб каронавірусе ў Беларусі не выклікае даверу: за першы год эпідэміі прызналі 2 тысячы смерцяў інфікаваных каронавірусам, а так званая залішняя смяротнасць склала 33 690 чалавек (12-е месца ў свеце на душу насельніцтва, і гэтыя звесткі няпоўныя). Прагназуюць, што цяпер у Беларусі ад каронавіруса рэальна паміраюць па 150 чалавек за дзень. Недзяржаўную ініцыятыву медыкаў «Белые халаты» ўлады Беларусі залучылі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

14. Што за ідэя з ковіднымі пашпартамі?

Гэта не пра Беларусь. Так у заходніх краінах называюць сертыфікат аб вакцынацыі або выздараўленні пасля COVID-19, які здымае з уладальніка некаторыя супрацьэпідэмічныя абмежаванні, як на паездкі за мяжу або наведанне забаўляльных установаў ды імпрэзаў. У Беларусі ж няма ні практыкі ковідных пашпартоў, ні значных супрацьэпідэмічных абмежаванняў.

Аб’ектыў
Рэальная статыстыка ковід: «У моргу целы ляжаць у мяхах на сталах і падлозе»
2021.10.21 22:35

15. Колькі гэта ўсё яшчэ працягнецца?

Ніхто не ведае дакладна, але спадзяюцца на 2022 год. Ніхто не дае гарантыяў, што пандэмія спыніцца, нават калі імунітэт будзе ў 60 %, 80 % ці 95 % насельніцтва, бо выпадковая мутацыя можа зрабіць вірус больш заразным і больш устойлівым да цяперашняга імунітэту. У аптымістычных прагнозах кажуць пра істотнае зніжэнне смяротнасці ўжо ўвесну. Ды пандэмію агулам і новыя штамы ў прыватнасці будзе цяжка кантраляваць, калі недастаткова людзей вакцынуецца (а ў Афрыцы застаюцца краіны, дзе вакцыну атрымалі менш за 1 % чалавек).

16. Новыя штамы будуць толькі горшыя?

Можам толькі спадзявацца, што не. Прагназаваць, якія мутацыі вірусу прыжывуцца, навукоўцы не могуць. Цяпер пануе штам дэльта, у мінулым месяцы выявілі пачатак распаўсюду варыянту вірусу з новаю мутацыяй (кажуць пра варыянт дэльта-плюс), якая можа прывесці да большай заражальнасці ці лятальнасці, а можа і не прывесці. Ды навукоўцы адзначаюць, што чым больш вірус цыркулюе ў папуляцыі, тым больш шанцаў на з’яўленне небяспечных мутацыяў. Надзею можа даваць тое, што вакцыны засталіся эфектыўнымі і супраць штаму дэльта, а за амаль два гады пандэміі катастрафічных мутацыяў віруса не адбылося.

Hавiны
Што такое штам і ці стане каронавірус больш смертаносным? Тлумачыць эпідэміёлаг
2021.06.26 18:00

17. Адкуль наагул узяўся каронавірус?

Дакладна ведаем толькі, што з кітайскага гораду Ўу-Хань. Там эпідэмія пачалася. Але чаму яна пачалася – пытанне, якое яшчэ расследуюць, і расследаванне ідзе цяжка. Асноўныя тэорыі: або вірус прыйшоў натуральным шляхам ад кажаноў праз жывёліну-пасярэдніка да чалавека, або вірус уцёк з лабараторыі Ўу-Ханьскага інстытуту вірусалогіі. Выведнікі ЗША прыйшлі да высновы, што SARS-CoV-2 наўрад ці быў штучна выведзены ў лабараторыі, але адназначных доказаў няма. З пачатку пандэміі найбольш імаверным лічылася перадача віруса ад жывёлы чалавеку натуральным шляхам (праз антысанітарыю на кірмашы), ды з цягам часу з’яўляецца ўсё больш падазрэнняў у выцеку віруса з лабараторыі. Кітайскія ўлады не ідуць на кааперацыю з іншымі краінамі ў расследаванні, і гэта накладаецца на палітычныя спрэчкі з аўтарытарнаю дзяржаваю.

18. Чаму кажуць пра чыпаванне і 5G?

Праз фэйкі канспіролагаў. WHO сабрала цэлую калекцыю чутак і міфаў пра каронавірус. Сярод іх – фэйк пра тое, што распаўсюду віруса спрыяюць вежы сувязі стандарту 5G, хоць вірус распаўсюджваецца і там, дзе сетку 5G не разгортвалі (праз гэты фэйк аднойчы дакучалі нават археолагам). Тэорыя пра мікрачыпы пайшла з таго, што хтосьці ў жарт падпісаў электрычную схему гітарнай педалі як «COVID-19 5G CHIP DIAGRAM», а ў інтэрнэце гэтаму паверылі. Таму цяпер вакцынаваныя часта жартуюць, што атрымалі чып і ловяць 5G.

Hавiны
Ліквідацыя пенсіянераў, хвалі 5G і шпіёнская аперацыя. Усе тэорыі змовы пра каронавірус
2020.04.14 14:35

19. Каму верыць?

Рэцэнзаваным навуковым часопісам. Праблема з фэйкамі і лухтою пра COVID-19 у тым, што іх часам распаўсюджваюць кіраўнікі дзяржаваў (як «трактар, хакей і козачкі» Аляксандра Лукашэнкі) ці людзі з галіны аховы здароўя (як парада «дыхаць хрэнам» ад намесніцы міністра аховы здароўя Алены Богдан). Нават нобэлеўскага лаўрэата лавілі на фэйку пра небяспеку вакцынаў, а той фэйк у сацсетках развілі ў яшчэ большую няпраўду. Давер да WHO быў крыху падарваны павольнаю рэакцыяй на пандэмію (навукоўцам даводзілася публічна ўгаворваць арганізацыю прызнаць факт паветранай перадачы віруса). Застаецца самастойна правяраць крыніцы інфармацыі: ці спасылаюцца там на правераныя даследаванні ды актуальныя старонкі міжнародных арганізацыяў аховы здароўя? Да таго ж трэба адрозніваць рэцэнзаванае (праверанае незалежнымі экспертамі) даследаванне ад нерэцэнзаванага (у якім больш імаверныя памылкі) ці прэпрынту (чарнавіка сапраўднай публікацыі даследавання), а тым больш ад беспадстаўных вусных заяваў (як сумнеўныя заявы расейцаў пра эфектыўнасць новай вакцыны «ЭпиВакКорона», якую пачалі выкарыстоўваць, не даказаўшы эфектыўнасць).

20. Як пераканаць тых, хто не верыць у каронавірус, што патрэбныя маскі і вакцыны?

Калі б мы ведалі, мы б гэта ўжо зрабілі. Але ЮНІСЭФ раіць у размовах з сямейнікамі і сябрамі праяўляць спачуванне ды разуменне, выслухваць і не перабіваць, даваць веру ў іхныя сілы дапамагчы сабе, пачынаць з фактаў, папярэджваць пра міфы і фэйкі, завяршаць зноў фактамі, замест: «Можа, усё ж хочаш вакцынавацца?» – упэўнена запрашаць: «Хадзем вакцынавацца!». І не спадзявацца, што праціўнікі навукі кінуць свае забабоны пасля першай жа размовы.

Hавiны
Як Лукашэнка прыйшоў да ковід-дысідэнцтва. Згадваем галоўныя выказванні
2021.10.22 18:08

АА belsat.eu

Стужка навінаў