Лёс дзяцей дыктатараў пасля іхнай смерці: ад збору бутэлек да мільярдаў на рахунках


Што адбываецца з роднымі дыктатараў, калі тыя сыходзяць? Можна прывесці прыклады Сірыі або Паўночнай Карэі, дзе сыны дыктатараў здолелі захаваць уладу бацькоў коштам грамадзянскай вайны або жорсткіх рэпрэсіяў і неверагоднага збяднення ўласных народаў. Але што здараецца з дзецьмі тыранаў у тым выпадку, калі здатных пераемнікаў з іхнага ліку проста не знаходзіцца?

ФІЗІК, АЛКАГОЛІК І ЗБІРАЛЬНІЦА БУТЭЛЕК

Нікалае Чаўшэску 15 гадоў займаў пасаду прэзідэнта Сацыялістычнай Рэспублікі Румынія. Усталяваны ім рэжым і культ асобы былі зрынутыя ў выніку народнага паўстання. Нікалае разам з жонкаю Эленай, якая мела тытул “маці нацыі”, 25 снежня 1989 года быў расстраляны ў салдацкай прыбіральні.

У Чаўшэску засталося трое дзяцей – Ніку, Валянцін і Зоя, якіх арыштавалі пасля забойства бацькоў. Зоя, што працавала матэматыкам і вельмі любіла заможнае жыццё, шыкоўнае адзенне і ўпрыгожванні, была вызваленая ў жніўні 1990 года. Больш яе нідзе не бралі на працу. У выніку ёй прыйшлося разам з мужам перабрацца ў невялікую кватэрку, і застаўшыся без сродкаў да існавання, яна збірала бутэлькі на вуліцах Бухарэсту. Зоя Чаўшэску шмат паліла і памерла ад раку лёгкіх у лістападзе 2006 года ва ўзросце 57 гадоў.

Нікалае Чаўшэску з сям’ёю. Крыніца: nicolae-ceausescu.yolasite.com

Ніку, якога Чаўшэску рыхтаваў на пераемніка, быў арыштаваны паводле абвінавачання ў растраце дзяржаўных сродкаў у асабістых мэтах і суўдзеле ў асабліва цяжкіх злачынствах. У верасні 1990 года ён быў асуджаны да 20 гадоў турмы (пазней тэрмін зменшылі да 16 гадоў), аднак у лістападзе 1992 года быў вызвалены з-за цырозу печані. Менавіта ад гэтай хваробы ён і памёр у верасні 1996 года ва ўзросце 45 гадоў.

Старэйшы сын Чаўшэску Валянцін вывучыўся на фізіка і да звяржэння бацькі кіраваў футбольным клубам «Стэава», быў вядомы як калекцыянер і бібліяфіл. Ён таксама быў арыштаваны, але вызвалены ў жніўні 1990 года. Пасля арышту ўся ягоная каштоўная калекцыя твораў мастацтва была канфіскаваная і змешчаная ў музей, але ў 2007 годзе суд прыняў рашэнне вярнуць яе Валянціну. Працаваў фізікам, праводзіў даследаванні і пісаў навуковыя працы, выйшаў на пенсію ў 2016 годзе. Жыве ў доме, які належыць ягонаму цесцю.

Аналітыка
Сямейная традыцыя: дзе б мог служыць Коля Лукашэнка
2022.08.31 07:11

НЯЎДАЛЫ ПАЛІТЫК І БІЗНЕСОВЕЦ

Слабодан Мілошэвіч (1941–2006) памёр у зняволенні ў Гаазе падчас Міжнароднага трыбуналу ў справе былой Югаславіі 11 сакавіка 2006 года. Прычына смерці да гэтага часу выклікае пытанні, асабліва з улікам таго, што ягоныя бацькі скончылі жыццё самагубствам: бацька, які навучаўся на святара, застрэліўся, маці-камуністка – павесілася. Слабодан Мілошэвіч пачынаў як камуніст, кіраўнік Саюзу камуністаў Сербіі, які ў 1989 годзе ўзначаліў Сербію ў якасці прэзідэнта, а ў далейшым зрабіў стаўку на нацыяналізм. Імкнуўся пры дапамозе войска ўтрымаць ад распаду Югаславію, а ўрэшце сваімі дзеяннямі толькі паскорыў гэты працэс і справакаваў грамадзянскую вайну. У 2000 годзе прайграў прэзідэнцкія выбары і адмовіўся прызнаць гэтыя вынікі, але быў зрынуты ў выніку дэманстрацыяў.

Мілошэвіч вырас у беднасці, таму, дарваўшыся да ўлады, імкнуўся даць сваёй сям’і максімальныя дабрабыт і раскошу, у якіх жылі ягоная жонка, сын і дачка. Ён здолеў гэтага дасягнуць пры дапамозе шматлікіх махінацыяў пры ўдзеле былых вулічных музыкаў братоў Карычаў, афшорных кампаніяў, спекуляцыяў на дэвальвацыі нацыянальнай валюты. Для сербскага ж народу Мілошэвічы стваралі вобраз ашчаднай і сціплай сям’і.

Слабодан Мілошэвіч з сям’ёю. Крыніца: euronews.com

Пасля падзення Мілошэвіча ягоная жонка Мірыяна і сын Марка знайшлі палітычны прытулак у Расеі, дзе амбасадарам быў старэйшы брат Слабодана Барыслаў. Марка яшчэ пры бацьку займаўся рэстаранным бізнесам і начнымі клубамі, крамамі моднага адзення, у прэсе хадзілі чуткі пра ягоныя сувязі з крыміналам. Абвінавачваўся ўладамі Сербіі ў кантрабандзе цыгарэтаў. Дачка Слабодана Марыя жыве ў Чарнагорыі, дзе няўдала спрабавала зрабіцца палітыкам.

ЗАБІТЫЯ І ПАХАВАНЫЯ РАЗАМ З БАЦЬКАМ

Садам Хусэйн стаў прэзідэнтам Іраку ў 1979 годзе і ўзначальваў краіну да 2003-га, калі быў зрынуты ў выніку распачатай ЗША ваеннай аперацыі. Праславіўся выкарыстаннем хімічнай зброі і рэпрэсіямі супраць апазіцыянераў. 69-гадовы Хусэйн быў пакараны 30 снежня 2006 года згодна з прысудам Вышэйшага Суда Іраку.

Ён быў жанаты чатыры разы, прычым першай жонкай стала ягоная стрыечная сястра, якая нарадзіла яму двух сыноў і трох дачок.

Старэйшы сын Удэй займаў пасаду кіраўніка Алімпійскага камітэту Іраку і кіраваў шэрагам іншых арганізацыяў. Яму належалі таксама газета і радыё. Незадоўга да пачатку амерыканскай аперацыі ў Іраку Удэй спрабаваў збегчы ў Аман, аднак быў схоплены і напярэдадні вайны зноў быў побач з бацькам і рыхтаваўся да абароны краіны. На пераемніка Хусэйн рыхтаваў свайго меншага сына Кусэя, які, нягледзячы на свой спакойны нораў, паводле апазіцыянераў, вылучаўся празмернай жорсткасцю і ўдзельнічаў у катаваннях. Ён узначальваў найбольш адданыя Садаму Хусэйну структуры краіны.

Садам Хусэйн з сям’ёю. Крыніца: wikipedia.org

З пачаткам вайны ў Іраку ў 2003 годзе сыны Садама Хусэйна хаваліся ў Масуле. За іх амерыканцы прызначылі ўзнагароду 30 млн долараў. Падчас спробы захопу ў ліпені 2003 года 39-гадовага Удэя і 37-гадовага Кусая забілі. Садам Хусэйн перажыў сыноў на тры гады, каб быць пахаваным разам з іх эксгумаванымі парэшткамі.

ФУТБАЛІСТ, ФІЛОСАФ, МАРАК, ВАЙСКОЎЦЫ І ТУРМА

Муамар Кадафі прыйшоў да ўлады ў Лівіі пасля дзяржаўнага перавароту ў 1969 годзе і адхілення першага і апошняга караля гэтай краіны. Ён абвесціў Лівійскую Арабскую Рэспубліку, якой кіраваў да 2011 года. 79-гадовы Кадафі быў зрынуты падчас «Арабскай вясны», схоплены і забіты ў выніку самасуду.

Кадафі быў двойчы жанаты, у яго было сем сыноў і адна дачка. Старэйшы сын Мухамэд, які лічыўся ягоным пераемнікам, быў старшынём Генеральнай кампаніі пошты і тэлекамунікацыяў, да бацькавай смерці ўзначальваў Алімпійскі камітэт краіны. З пачаткам «Арабскай вясны» быў схоплены паўстанцамі, але здолеў ад іх збегчы спачатку ў Алжыр, а затым у Аман, дзе атрымаў палітычны прытулак.

Сям’я Кадафі. Крыніца: echoroukonline.com

Старэйшы сын ад другога шлюбу Саіф аль-Іслам скончыў адукацыю ў Брытаніі і меў ступень доктара навук, пасля падзення ўлады бацькі да 2016 года заставаўся ў зняволенні. Быў вызвалены і з’ехаў у Туніс, нават збіраўся ўдзельнічаць у будучых прэзідэнцкіх выбарах, разлічваючы на дапамогу Расеі. У жніўні 2021 года лівійская пракуратура выдала ордар на ягоны арышт за сувязі з так званай «групай Вагнэра». Цяпер вылучаецца прапановамі дзеля ўрэгулявання лівійскага крызісу. Іншы сын Кадафі Мутасім Білля, які быў ягоным дарадцам у Службе дзяржаўнай бяспекі Лівіі, удзельнічаў у баях падчас распачатай грамадзянскай вайны, але трапіў у палон і быў забіты. У грамадзянскай вайне ўдзельнічаў і Саадзі, які паспеў пагуляць у футбол у італьянскай серыі «А». Ён уратаваўся ў Нігеры, адкуль быў перададзены новым уладам Лівіі ў сакавіку 2014 года і заставаўся за кратамі да верасня 2021 года, пасля чаго з’ехаў у Турцыю.

Пяты сын Кадафі Ганібал Муамар вучыўся марской справе і нават плаваў на караблях. Ён вылучаецца буйным норавам. Пасля пачатку грамадзянскай вайны збег у Алжыр, дзе яго выкралі прадстаўнікі адной з рэлігійных груповак Лівану, якія лічылі яго датычным да забойства свайго лідара. З 2016 года застаецца за кратамі ў Ліване.

Шосты сын Саіф аль-Араб навучаўся ў Мюнхенскім тэхнічным універсітэце, у час вучобы быў вядомы шматлікімі скандаламі. З пачаткам грамадзянскай вайны вярнуўся ў Лівію, але 30 красавіка 2011 года быў забіты падчас налёту авіяцыі NATO разам з трыма ўнукамі Кадафі. Яго ўрачыста пахавалі, але пазней пахаванне разбурылі, а цела выкапалі і спалілі.

Самы малодшы сын Кадафі Хаміс скончыў Вайсковую акадэмію ў Маскве, узначальваў так званую «брыгаду Хаміса», якая ўдзельнічала ў баях з паўстанцамі падчас грамадзянскай вайны.

Дачка Аіша, якая атрымала выдатную адукацыю ў Францыі, называлася ў ліку магчымых пераемнікаў Кадафі. З пачаткам грамадзянскай вайны ў 2011 годзе яна заяўляла, што будзе змагацца да апошняга, але збегла ў Алжыр і атрымала палітычны прытулак у Амане. У красавіку 2021 года суд Еўразвязу выключыў яе з санкцыйнага спісу, бо цяпер яна «не ўяўляе пагрозы міру і бяспецы ў рэгіёне».

КАЗАЎ, ШТО «БАГАЦЦЕ – ДРЭННА», АЛЕ ПАКІНУЎ ДОЧКАМ МІЛЬЯРДЫ

Уга Чавэс, «найлепшы сябар» Лукашэнкі і ягоны аднагодак, у дзяцінстве марыў стаць бейсбалістам, а ў выніку пайшоў у вайсковую акадэмію і даслужыўся да падпалкоўніка. У 1992 годзе стаў адным з кіраўнікоў няўдалага дзяржаўнага перавароту ў Венесуэле і нават збіраўся забіць дзейнага прэзідэнта. Пасля вызвалення з-пад арышту ў 1998 годзе зрабіўся прэзідэнтам, якім заставаўся да сваёй смерці ад раку ў 2013 годзе.

Быў двойчы жанаты. Ад першага шлюбу меў дзвюх дачок – Розу Вірджынію (1978) і Марыю Габрыелу (1980) і сына Уга Рафаэля (1983). Ад другога шлюбу меў дачку Расінэс (1997), якая вылучалася сваімі паводзінамі: выкладала фотаздымкі то з доларамі (у той час, калі ў краіне забароненая гэтая капіталістычная валюта), то з Джастынам Бібэрам. Таксама Чавэс быў вядомы сувязямі і з іншымі жанчынамі, і нават афіцыйна прызнаныя дзве ягоныя пазашлюбныя дочкі.

Чавэс любіў паўтараць: «Багацце – гэта дрэнна». Сам жа пакінуў сям’і 2 млрд долараў на рахунках. Ягоная дачка Марыя Габрыела зрабілася самай заможнай жанчынай Венесуэлы. У адным з рэгіёнаў Венесуэлы сям’я Чавэса валодае 17 маёнткамі, дзе і пражывае цяпер.

Уга Чавэс з сям’ёю. Крыніца: alasdairbaverstock.com

СЯМ’Я МОДНІКАЎ

Робэрт Габрыель Мугабэ быў героем рэвалюцыі супраць белых каланізатараў, кіраваў Зімбабвэ з 1980 да 2017 года. Быў адхілены ад улады ў выніку ваеннага перавароту. Калі ў першае дзесяцігоддзе свайго кіравання ён вылучаўся як «адзін з самых прагрэсіўных лідараў посткаланіяльнай Афрыкі», то апошняе дзесяцігоддзе ягонага праўлення запомнілася асабліва цяжкімі наступствамі для краіны: да 3 млн уцекачоў, беспрацоўе, якое дасягала 80 %, рэкордная ў свеце гіперінфляцыя, якая фактычна пахавала нацыянальную валюту – зімбабвійскі долар. Памёр у 95 гадоў у прыватнай клініцы ў Сінгапуры – ад раку. Маладзейшая за яго на 41 год жонка Грэйс падаравала яму двух сыноў і дачку. Яна была сакратаркай Мугабэ, іхны раман пачаўся ў 1987 годзе, але толькі пасля смерці першай жонкі ў 1992 годзе яны ажаніліся. «Гучы Грэйс» (атрымала такую мянушку за любоў да раскошы) мела намер стаць на чале Зімбабвэ пасля мужа, з-за чаго справакавала ўзброены пераварот. Пры мужавай дыктатуры кантралявала кантрабанду слановай косткі з краіны і кампанію здабычы плаціны. Была вядомая сваім шопінгам на сотні тысяч долараў.

Сям’я Мугабэ. Крыніца: nehandaradio.com

Дачка Мугабэ Бона (1988) спачатку навучалася ў Аўстраліі, але была адтуль дэпартаваная разам з іншымі дзецьмі галоўных чыноўнікаў рэжыму Мугабэ. Затым вучылася ва ўніверсітэце ў Гон-Конгу, дзе пасля аднаго з фотаздымкаў з яе закупаў у буціках у Зімбабвэ пачалося выступленне студэнцкай моладзі, не задаволенае падвышэннем коштаў на адукацыю. У 2014 годзе пабралася шлюбам, на цырымонію было выдаткавана амаль 4,5 млн долараў. Пасля дзяржаўнага перавароту збегла ў Малайзію. Мае двух сыноў.

Сыны Мугабэ – Робэрт Пітэр малодшы (1990) і Чатунга Бэлармін (1997) – вядомыя сваім ладам жыцця дзякуючы сацыяльным сеткам, дзе яны выстаўляюць фота з шыкоўнымі аўтамабілямі, дарагім адзеннем і ўпрыгожаннямі. У той жа час Зімбабвэ застаецца ў цяжкім эканамічным стане.

Hавiны
Сышла эпоха. За няпоўныя чатыры месяцы не стала Шушкевіча, Краўчука, Бурбуліса і Гарбачова
2022.08.31 12:05

Барыс Булат belsat.eu

Стужка навінаў