Што трэба ведаць пра псіхалогію міграцыі і як не ўпасці ў дэпрэсію


Кансультант у гештальт-падыходзе псіхатэрапіі сам некалькі разоў эміграваў. Ён расказвае, што эміграцыя – гэта стрэс, і не спрынт, а марафон. Але яе можна перажыць і знайсці пазітыўны аспект.

На фоне: Вільня. Выява: Белсат

Гэты тэрапеўт нядаўна выступаў перад беларускімі эмігрантамі з «дарожнай мапай» для міграцыі і тлумачыў псіхалагічныя аспекты працэсу. «Белсат» пераказвае выступ адмыслоўца. З меркаванняў бяспекі мы не называем імя суразмоўцы.

Што губляе мігрант

Шмат хто з мігрантаў губляе маёмасць, хтосьці ўцякае з краіны з адным заплечнікам. Некаторыя з’язджаюць «у нікуды», не маючы зразумелай перспектывы працы і жытла. Але з праблемамі сутыкаюцца нават тыя, хто спакойна пераехаў і забраў з сабой усё, што мог.

Найгоршае ў эміграцыі – страта бяспекі ў шырокім сэнсе. Эмігрант губляе прадказальнасць у навакольным свеце, губляе знаёмыя рытуалы і апоры. Мяняюцца бытавыя працэсы, якія раней рабіліся аўтаматычна.

На фоне: Тбілісі. Выява: Белсат

Што ў чужой краіне, што проста ў іншым горадзе – у чалавека новы статус і іншая роля, няма ранейшых сацыяльных сувязяў і рэпутацыі. Няма ведаў, «што, дзе, з кім і як». Па-за сваім соцыумам можа наступіць так званая сацыяльная смерць.

У вядомай «пірамідзе Маслава» патрэба ў бяспецы – наступная прыступка пасля самых базавых фізіялагічных патрэбаў. Без адчування бяспекі чалавек не можа развівацца і наўрад ці зможа эфектыўна працаваць.

Будзе дно і будзе аднаўленне

Канадскі антраполаг Калерва Обэрг у артыкуле 1960 года апісаў крывую культурнай адаптацыі – парабалу «ўзроўню прыстасавання» з падзеннем уніз і ўздымам угору.

Першая стадыя – «мядовы месяц» на новым месцы. У перыяд, які можа цягнуцца да шасці тыдняў, эмігрант можа адчуваць сябе як турыст, адкрываць новае і радавацца зменам умоваў вакол сябе.

Але праз нейкі час надыходзіць стадыя культурнага шоку – робяцца заўважнымі адрозненні ад дому, пакуль успаміны пра дом яшчэ свежыя. На новым месцы нават пры добрых ведах чужой мовы ўзнікаюць праблемы ў стасунках з людзьмі. Незразумелымі могуць быць правілы паводзінаў на працы ці вучобе, у краме і нават дома. Можа выводзіць з раўнавагі брак звыклых рэчаў і рытуалаў.

На фоне: Варшава. Выява: Белсат

З’яўляецца раздражненне ад новага месца жыхарства. Яно можа перайсці ў адрынанне: усе паўсюль размаўляюць не на той мове, ежа не як дома, наогул усё не так, і блізкіх людзей побач няма! Можа з’явіцца пастаянная стомленасць, няздольнасць пераадольваць самыя простыя праблемы, нежаданне стасавацца з іншымі, успышкі гневу ці дэпрэсія.

На дне крызісу, куды эмігрант трапіць праз некалькі месяцаў на новым месцы, давядзецца зрабіць выбар: або расчаравацца ў сабе і ў новай краіне, з’ехаць на радзіму, або перасіліць сябе і пачаць адаптавацца, нават калі спачатку нічога не выходзіць.

Калі на дне крызісу чалавек не апусціць рук, то пачне прыстасоўвацца, будзе этап «аднаўлення». Прыйдзе прыманне таго, што жыццё іншае, і яно не стане так раздражняць. Чалавек пачне разбірацца з праблемамі і вучыцца, тады будзе і адчуванне ўпэўненасці ў нечым. З’явяцца знаёмыя сярод мясцовых. Узнікне магчымасць не толькі з болем трымацца за старое, але і спрабаваць нешта новае. Светлых дзён будзе больш, чым цёмных.

Як пачаць прыстасоўвацца

Тое, наколькі будзе цяжка, залежыць ад культурнай дыстанцыі: розніцы ў грамадскай этыцы і каштоўнасцях. Беларусам будуць бліжэйшымі і зразумелымі суседнія Расея, Польшча і Украіна, праз мову будуць крыху цяжэйшымі Літва і Латвія. У Нямеччыне, напрыклад, будзе прасцей адаптавацца, чым у Кітаі, дзе культура і нормы паводзінаў зусім іншыя.

Ёсць няўдалыя «абарончыя» стратэгіі адаптацыі: эмігрант можа асімілявацца з мясцовымі і адрынуць усё ад радзімы, можа аддзяліцца ад мясцовых, можа трапіць у памежны маргінальны стан са слабой сувяззю і з радзімай, і з новым месцам. Шлях да сепарацыі – жыццё ўнутры супольнасці выхадцаў з той жа краіны. Яскравы прыклад – Бруклін у Злучаных Штатах, месца з расейскамоўнымі суседзямі, расейскай тэлевізіяй і расейскімі крамамі. Без кантактаў з мясцовымі можна так і застацца жыць «на радзіме» ў іншай краіне. Але можна і ўдала інтэграваць сябе ў новае грамадства.

На фоне: Порту. Выява: Белсат

Тэрапеўт раіць ствараць сабе і блізкім бяспечны стан. Спачатку бяспека, потым прадукцыйнасць. Трэба разумець, што на адаптацыю патрэбны час. Клапаціцца як пра розум і псіхіку, так і пра цела. Памятаць, што ёсць мэта, матывацыя, навыкі. Быць шчырым з сабой.

Можна нават ставіцца да пераезду як да праекту: ставіць сабе мэты, задачы і тэрміны. Калі невядома, ці пераезд на месяц, ці на год, ці на шмат гадоў, варта планаваць на той перыяд, які магчыма кантраляваць: не ведаеш на год наперад, плануй на месяц.

Хто вінаваты?

Наколькі ўдала інтэгруецца мігрант, залежыць і ад унутраных, і ад вонкавых фактараў.

Унутраныя – матывацыя на інтэграцыю, камунікабельнасць, талерантнасць, рэалізм чакання, сумневы ў правільнасці рашэння з’ехаць, так званы локус кантролю (схільнасць тлумачыць свае поспехі і няўдачы толькі вонкавымі або толькі ўнутранымі фактарамі), узрост, у пэўных сітуацыях нават пол.

Вонкавыя – культурная дыстанцыя між радзімай і новым месцам, часовы ці пастаянны характар ад’езду, добраахвотнасць ці вымушанасць, узровень адукацыі і валодання мовай, сацыяльнае падтрыманне і высілкі ўладаў на новым месцы для адаптацыі мігрантаў.

На фоне: Львоў. Выява: Белсат

Тэрапеўт раіць распазнаць свае перажыванні, даць ім назву і спецыфікаваць. Зразумець, адкуль глабальная трывога за будучыню і за што канкрэтны страх, перад кім адчуванне адказнасці і за што адчуванне віны. Асэнсаваць спробы ў думках вярнуцца ў бяспеку дому і злосць ад таго, што падзеі адбываюцца не так, як чакаеш.

Важна агучваць і даваць месца сваім пачуццям і перажыванням. Калі побач няма ўважлівага суразмоўцы, з якім можна падзяліцца сваімі складанымі перажываннямі і які не перабівае, можна заняцца самадапамогай: напісаць ліст сябру ці нават самому сабе. Можна прыняць смутак і змірыцца з тым, што яго перажываеш. Варта не баяцца звяртацца да псіхолага і нават не баяцца антыдэпрэсантаў, калі такія прапішуць.

Сям’я і калегі дапамогуць?

З’язджаць з сям’ёй звычайна лепей, чым аднаму, але могуць узнікнуць праблемы. Сям’я або калегі-эмігранты могуць стаць падтрыманнем, з імі можна расслабіцца ад напружання жыцця ў новых умовах. Людзі разумеюць перажыванні адзін аднаго, размаўляюць на адной мове і смяюцца з адных жартаў.

Ды ў групы людзей (ці тое сям’я, йі тое каманда, якая пераязджае разам) розны ўзровень падрыхтаванасці да пераезду, розны ўзровень фізічных, кагнітыўных і псіхічных рэсурсаў, розныя індывідуальныя асаблівасці. Ад гэтага розніцца і хуткасць адаптацыі – праз гэта можа ўзнікнуць аддаленне, цяжкасці ў паразуменні, канфлікты і нават зайздрасць.

На фоне: Прага. Выява: Белсат

У сям’і той, хто будзе ініцыятарам пераезду, будзе мець мэту на новым месцы. За ініцыятарам можа захавацца сацыяльная роля, з’явіцца атачэнне з супрацоўнікаў і партнёраў, кантакты і стасункі на новым месцы – у выніку хутчэй задаволіцца патрэба ў бяспецы. У партнёра ж можа аказацца не запатрабаванай на новым месцы прафесія, можа бракаваць ведаў мовы і культуры. Таксама можа аказацца так, што асноўнай занятасцю партнёра стануць дзеці. Гэта будзе моцна замінаць у інтэграцыі і пошуку свайго месца ў новым грамадстве. Партнёр можа адчуць сябе абузай, «нікім».

У сям’і варта абмяркоўваць, што адбываецца і чаго хочуць партнёры, чым партнёры адно аднаму могуць быць карыснымі. Прагаворваць важна нават відавочныя рэчы, як то важнасць ролі бацькоў для дзяцей. Трэба падтрымліваць аднаўленне рэсурсаў партнёра, сацыялізацыю і інтэграцыю, быць надзейнай «падушкай бяспекі» ў тым ліку ў фінансавым плане.

Вяртацца дамоў будзе таксама няпроста

Эмігрант, у якога жыццё складаецца добра, у нейкі момант – мо праз некалькі гадоў – адчуе сябе дома на новым месцы. Зможа крытычна ацэньваць станоўчае і адмоўнае новага месца, не параўноўваючы са старым домам. Пераадолее праблемы ў стасунках з мясцовымі, з працай і побытам – урэшце верне адчуванне бяспекі.

На фоне: Менск. Выява: Белсат

Калі зразумець, што жыццё дзесьці будуецца іначай, гэта пашырыць светапогляд і нават дапаможа пры вяртанні на радзіму. Ды па вяртанні дамоў крывая можа паўтарыцца, будзе ўжо сінусоіда: зноў «мядовы месяц» з радзімай, зноў культурны шок ад «пераўваходу», зноў адаптацыя і прыстасаванне.

АА belsat.eu

Стужка навінаў