«Прывітанне, мяне завуць Ісус». Аўтар адукацыйных настолак – пра свой бізнес і пераезд у Польшчу


«Прывітанне, мяне завуць Ісус», – на беларускай вечарыне ў Варшаве да мяне падышоў хлопец з даўгімі валасамі і рудой барадой. Спачатку я падумала, што гэта проста эпатажны дзівак, але калі ён распавёў сваю гісторыю, зразумела чаму ён называе сябе Ісусам.

Алег Мядзведзеў. 25 жніўня 2021 года. Варшава, Польшча.
Фота: Аліса Ганчар

У Ісуса ўсё ж ёсць «зямное» імя – Алег Мядзведзеў. Ён займаецца адукацыйнымі настольнымі гульнямі. Працуе над стварэннем настолкі пра рэпрэсіі ў Беларусі і пра незалежныя медыі. Летась 10 жніўня яго збілі сілавікі, а праз пару месяцаў ён з’ехаў жыць у Польшчу.

Для інтэрв’ю мы сустрэліся з Алегам у месцы, дзе ён працуе над сваймі настольнымі гульнямі. Месца незвычайнае – гэта скўот у цэнтры Варшавы.

Сквот у Варшаве. 25 жніўня 2021 года. Варшава, Польшча.
Фота: Аліса Ганчар
Даведка

Скўот – закінуты або незаняты будынак, які захоплівае група людзей (яны называюць сябе скўотэрамі). Яны або жывуць там, або праводзяць культурніцкія, сацыяльныя імпрэзы. Дарэчы, у Беларусі таксама былі скўоты. Адзін з іх – у Лошыцкім парку, існаваў ён прыкладна з паўгода (па беларускіх мерках – доўгажыхар). Скўот называўся «Майстэрня» – спасылка на аматарскі фільм пра яго.

У Варшаве некалькі скўотаў, яны нават пазначаныя на мапе і ў іх ёсць старонкі ў сацыяльных сетках. Алег запрасіў мяне ў адзін з іх. Тут ёсць майстэрні, пляцоўка для канцэртаў і жылыя пакоі. Здымаць забаронена. Алег кажа, што ў майстэрні ёсць патрэбнае абсталяванне, таксама ён мае тут уласны пакой.

Пачаў распрацоўваць гульні для айцішнікаў

Алег – чэмпіён Беларусі па шахматах 2005 года, таксама ў ягонай скарбонцы дасягненняў – 9-е месца на чэмпіянаце Еўропы, тады яму было 10 гадоў. З 17 гадоў ён пачаў займацца турызмам, з 18 гадоў не ўжывае алкаголю. Ён стрэйтэджэр.

Даведка

Straight edge – ‘простая лінія’. Часам скарочана пішуць sXe. Гэта моладзевы рух, які ўзнік у асяроддзі панкаў. Пабудаваны на адмове ад звычак, якія руйнуюць чалавека фізічна і духоўна. Стрэтэйджары не ўжываюць алкагольных напояў, тытуню, наркатычных рэчываў. Часта стрэтэйджары не ядуць мяса і харчоў жывёльнага паходжання, адмаўляюцца ад кафеіну, медыкаментаў і бязладных полавых сувязяў.

«Настолкамі я стаў займацца пасля таго, як скончыў тры гады адпрацоўкі на заводзе. Па адукацыі я электрамеханік. Мне заўсёды падабалася нешта рабіць рукамі. Але на заводзе ўсё пастаянна ламалася. Рамантуй не рамантуй, а яно ўжо зношанае, і ніякія замены і прафілактыкі абсталяванню не дапамогуць», – пачынае размову Алег і тлумачыць, што менавіта на заводзе ён пачаў цікавіцца праграмаваннем.

«Для мяне праграмаванне – інструмент для стварэння новай ідэі. Я стаў наведваць спецыялізаваныя мерапрыемствы і там пазнаёміўся з адукацыйнай гульнёй для айцішнікаў, і яна каштавала 450 еўраў. Гульня была звязаная з менеджментам. Я зразумеў, што гэта мой спосаб адукацыі. І я пачаў распрацоўваць гульні для айцішнікаў. Збольшага гуляліся ў іх на мерапрыемствах, некаторыя з іх патрапілі ў офісы», – падрабязна расказвае наш суразмоўца.

Алег Мядзведзеў. 25 жніўня 2021 года. Варшава, Польшча.
Фота: Аліса Ганчар

«Я чаму навучыўся, то і ўмею», – кажа Алег. Звычайны на адну настолку сыходзіць каля 400 гадзінаў. Гульні рабіў за ўласныя грошы. Часам – усё сам, часам звяртаецца па дапамогу да сяброў ці шукае валанцёраў. Спачатку гульні тэстуе, пазней дарабляе і перадрукоўвае – мінімум тры разы.

«Але падумаў што хачу рухацца далей і рабіць сацыяльныя настолкі. І я вырашыў зрабіць гульню для вучняў 9–11 класаў, якая дапаможа абраць прафесію. У мяне самога былі складанасці з выбарам прафесіі, і я заўважыў, што шмат людзей памыляюцца пры выбары. Яны шкадуюць, што абралі не тую, шкадуюць аб працы, якая ім не падабаецца. Часам сваякі кажуць: «Гэта добрая прафесія, ідзі туды!» Я рабіў механіку настолкі так, каб людзі сутыкаліся з праблемамі і слэнгам, з якімі яны сутыкнуліся б у розных прафесіях. Маладзёны паспрабавалі маю настолку – было 3 або 4 варштаты».

Канферэнцыя B.E.E.R – SUMMER – 2020. Менск, Беларусь. Фота з прыватнага архіва Алега Мядзведзева
Канферэнцыя B.E.E.R – SUMMER – 2020 «Дзень сістэмнага інжынера». Менск, Беларусь. Фота з прыватнага архіва Алега Мядзведзева
Мітап DIGITAL HISTORY MEETUP. 21 лютага 2020 года. Менск, Беларусь. Фота з прыватнага архіва Алега Мядзведзева
Фота з варкшопа па дэлегаванні актыўнасцяў у камандзе. 21 лютага 2020 года. Менск, Беларусь. Фота з прыватнага архіва Алега Мядзведзева

Фота з прыватнага архіва Алега Мядзведзева

Пазней Алег зрабіў гульню пра аперацыйную сістэму «Лінукс» і графіці-культуру… Хлопец кажа, што мае больш за 10 гульняў і спраектаваў каля двух дзясяткаў. Цяпер ён дарабляе гульню пра анархакультуру, рэпрэсіі ў Беларусі і незалежныя медыі.

«Гучыць цікава – сацыяльныя настольныя гульні, – а грошай даваць ніхто не хоча. Я ўдзельнічаў у розных беларускіх конкурсах, а фінансаванне, канечне было замежнае. Грошай я не знайшоў, але працягваў рабіць».

Алег Мядзведзеў. 25 жніўня 2021 года. Варшава, Польшча.
Фота: Аліса Ганчар

У той час зарабляў хлопец як праграміст-фрылансер, запусціў невялічкі стартап з камандай аднадумцаў і быў рэпетытарам па шахматах.

Сустрэў у аўтазаку галоўнага рэдактара «Нашай Нівы». А мянушку Ісус далі міліцыянты

Узгадваючы падзеі, пасля якіх мінуў год, Алег пачынае доўгі маналог.

«Улетку была акцыя ля ЦУМу, – імаверна, Алег мае на ўвазе акцыю 19 чэрвеня, апошні дзень збору подпісаў. – Каля 9-й гадзіны вечара людзей пачалі шчыміць. Побач была кавярня, я забег туды і схаваўся ў прыбіральню. Праз нейкі час за дзвярамі я пачуў: «Ён там?» Я падумаў, што калі будуць «браць за жабры», то з голай дупай, – смяецца. – Падаставаў усё з кішэняў, сімкарту схаваў у кветкі, тэлефон – у іншае месца, ключы засунуў у вентыляцыю. Так прачакаў я некалькі гадзінаў, але ніхто па мяне не прыйшоў.

Менск, 19 чэрвеня 2020 г.
Фота: Белсат

10 жніўня я быў на станцыі метро «Пушкінская», я там побач жыву. Я быў у кашулі, валасы распусціўшы. Там ужо стаялі кардоны. Бачу звычайную тачку, якая ледзь дыхае, – тыповая машына беларуса, які «не з Менску». А на шкле чырвоны крыж. Я падышоў і запытаўся ў іх: «Чым вы займаецеся?» Яны займаліся медычнай дапамогай, звычайная людзі. Запрасілі мяне да сябе ў машыну, я сеў. Праз нейкі час нас заўважыў сілавік: «Або я *ёб*ю шкло, або вы з’язжаеце». І мы з’ехалі ў іншае месца, але і туды падышоў кардон. Сілавікі пачалі страляць па машынах, хтосьці з іх заўважыў нашую і пабег са зброяй да нас. Кіроўца не паспеў з’ехаць, і сілавік выбіў прыкладам шкло ў машыне, з таго боку, дзе я сядзеў. Усё пасыпалася на мяне. І ўдарыў мяне ў галаву – адразу зламаліся 2 зубы. Сілавік крычыць: «Выходзь, *уй, я гранату кідаю!» Я падняў рукі, і ён ударыў мяне другі раз. Я выйшаў, мяне павалілі на зямлю і пачалі збіваць нагамі, і я «паплыў у космас», амаль адключыўся. Прыкладна ў гэты момант я апаражніўся – але не асэнсаваў гэтага.

У аўтазаку я апынуўся адзін, зразумеў, што на праходзе лепш не ляжаць, і «чарвячком» залез у кут, каб мяне не білі. Пазней прывялі ў аўтазак мужчыну і жанчыну з маёй машыны. Кіроўца проста ляжаў і хрыпеў. Калі нас пераводзілі ў іншы аўтазак, мяне яшчэ раз ударылі па галаве за тое, што я «патлаты». Там я апынуўся побач з Ягорам Марціновічам – зразумеў што ён журналіст і выйдзе раней за мяне. Прадыктаваў яму свой нумар, прозвішча, абставіны затрымання і папрасіў патэлефанаваць маёй былой дзяўчыне. Нас прывезлі ў РУУС на вуліцы Кабушкіна. Мяне адразу ўдарылі ў рэбры. У будынку не было месцаў,і нас паклалі на зямлю, зацягнулі сцяжкі вельмі моцна, ізноў збілі. Марціновіч ляжаў побач са мной. Праз некаторы час мяне паднялі «на фотасесію», плот быў маім фонам. Я ляжаў тварам у зямлі, я носам вырыў ямку, каб было больш «камфортна». Адна частка твару была ў зямлі, другая – у крыві, валасы запякліся ў крыві. Выглядаў я не рэспектабельна. Яны глядзяць на мяне і пачынаюць рагатаць: «О, Ісус!»

Алег Мядзведзеў. 25 жніўня 2021 года. Варшава, Польшча.
Фота: Аліса Ганчар

Пазней Алег правёў 3 дні ў Жодзіне ў камеры на 12 месцаў, з ім былі яшчэ каля 30 чалавек. Кажа, што былі нават матрацы, падушкі і коўдры: «Смярдзючыя, пахучыя і магучыя».

Калі Алега выпусцілі, за варотамі крычалі: «Малайцы, Малайцы».

«Я ніколі не забуду. Я іду праз калідор людзей. Раблю крок, і ў твар мне падсоўваюць тэлефоны. На экране фотаздымкі розных людзей, і адно пытанне: «Ты яго бачыў?»

Я не разумеў: яны памерлі, яны жывыя? Я ж не ведаў што адбывалася ў краіне».

Ягор Марціновіч змог запомніць нумар, які Алег дыктаваў яму ў аўтазаку, і распавёў сваякам хлопца, чаму той не вярнуўся дамоў.

Алег кажа, што тыдзень не выходзіў з кватэры. Яму было балюча. Ён баяўся дзвярэй.

«Напэўна, міліцыя б’е людзей «на этапах», каб людзі баяліся заходзіць. Баяліся заходзіць у аўтазак, баяліся заходзіць у турму. Каб людзі баяліся. Кожны раз, калі я перамяшчаўся, мяне білі».

Алег Мядзведзеў. 25 жніўня 2021 года. Варшава, Польшча.
Фота: Аліса Ганчар

Праз тыдзень хлопец звярнуўся да доктара, бо ў яго балелі рэбры. І вырашыў падаць скаргу ў Следчы камітэт на дзеянні сілавікоў. Пазней яго выклікалі ў пракуратуру на «прафілактычную размову», а тэрмін праверкі паводле ягонай заявы падоўжылі.

Ісус зрабіў гуманітарную візу ў канцы жніўня, але з’ехаў з Беларусі пад Новы год, калі даведаўся, што беларускую наземную мяжу закрываюць. Ён крычыць у сне. Дагэтуль.

«Апошні раз мне снілася, што я дома, у Беларусі. Званок у дзверы, я гляджу ў вочка, а там зброя. Я ўпаў на падлогу, а яны пачалі страляць праз дзверы».

Магніты, гадзіннікі, сувенірныя вырабы з дрэва…

Алег паказвае гульню пра графіці-культуру – раскладае на стале шмат каляровых картачак з малюнкамі і тэкстам, балончыкі з фарбай, спецыяльныя фламастары. Ёсць картачкі са знакамітымі графіці, са слэнгам і стылямі. Малюнкі (скетчы) хлопец набываў у мастака, частку маляваў сам.

Адукацыйныя настольныя гульні, якія робіць Алег Мядзведзеў. 25 жніўня 2021 года. Варшава, Польшча.
Фота: Аліса Ганчар

Хлопец ужо знайшоў памяшканне для майстэрні ў Варшаве, бо адна друкарня падарыла яму абсталяванне для ягонага праекту. Праўда, перадача абсталявання зацягнулася на 4 месяцы, і пакуль Алег робіць настолкі з дрэва, бо ў скўоце ёсць патрэбнае абсталяванне.

Алег Мядзведзеў робіць настольную гульню з дрэва. 25 жніўня 2021 года. Варшава, Польшча. Фота: Аліса Ганчар
Адукацыйныя настольныя гульні, якія робіць Алег Мядзведзеў. 25 жніўня 2021 года. Варшава, Польшча. Фота: Аліса Ганчар

На фота адукацыйныя настольныя гульні, якія робіць Алег Мядзведзеў.

Акрамя настольных гульняў ён робіць магніты, гадзіннікі, сувенірныя вырабы з дрэва і прадае. Да прыкладу магніты каштуюць ад 8 да 24 злотых (ад 5 да 16 беларускіх рублёў).

Алег марыць адчыніць у Беларусі «Дом адукацыі» і праводзіць там мерапрыемствы з гульнямі на сацыяльныя тэмы.

Алег Мядзведзеў. 25 жніўня 2021 года. Варшава, Польшча.
Фота: Аліса Ганчар
Hавiны
«Зборышча суцэльных крымінальнікаў». Хто робіць праект «Malanka Media»
2021.08.21 08:30
Артыкулы
«Ніколі б не падумала, што ў 33 гады, як партызан, буду бегаць па лясах». Вольга Паўлава – пра тое, як уцякла з-пад «хатняй хіміі»
2021.07.29 13:02

Аліса Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў