Прыватныя вайсковыя кампаніі: гарматнае мяса ці каштоўныя прафесіяналы?


Паводле звестак «ByPol», былы кіраўнік справамі прэзідэнта Віктар Шэйман цяпер кіруе ўстановай, якая, магчыма, рыхтуе байцоў для спецпадраздзяленняў дыктатарскіх рэжымаў, ахоўвае радовішчы карысных выкапняў і гандлюе зброяй.

У прэсе гэтую арганізацыю называюць «прыватнай вайсковай установай», чым ставяць яе ў шэраг падобных легальных кампаніяў, якія існуюць у шмат якіх краінах свету. Аднак чым насамрэч займаюцца такія кампаніі ў цывілізаваных дзяржавах?

Прыватная вайсковая кампанія – што гэта?

ПВК (ад ангельскага рrivate military company) – гэта камерцыйная ўстанова, спецыялізацыя якой – розныя паслугі ў сферы бяспекі і выкарыстання ўзброенай сілы. Вайскоўцы-найміты вядомыя ўжо тысячы гадоў – з часу егіпецкіх фараонаў. У сярэднявеччы знакамітымі (і нятаннымі!) наймітамі былі швейцарцы, а ў ХVI–XVIII ст. большасць еўрапейскіх арміяў стала цалкам найманай.

Знакамітая Папская швейцарская гвардыя – адгалосак славы наймітаў Новага часу, 2013 г. Фота Паўля Ронгі (Paul Ronga)

Аднак у ХІХ стагоддзі сітуацыя змянілася радыкальна: служба ў войску стала агульнанацыянальным грамадзянскім абавязкам. Пашырэнне адукацыі спрыяла развіццю нацыяналізму ва ўсіх краінах Еўропы, а патрэба ў яшчэ больш масавых вайсковых фармаваннях спрычынілася да таго, што з дапамогай нацыянальнага пачуцця ўтварыліся мільённыя арміі прызыўнікоў. Менавіта прызыўныя арміі і вызначалі лёс усіх вялікіх вайсковых канфліктаў ХХ ст.

Павольнае адраджэнне найміцкіх фармаванняў пачалося ў ІІ пал. ХХ ст. Насельніцтва Захаду ўсё менш хацела праліваць кроў сваіх жаўнераў, а нестабільнасць і тэрарызм у рэгіёнах, дзе працавалі заходнія кампаніі здабывалі сыравіну, вымагалі мець узброеных і падрыхтаваных спецыялістаў.

Эвалюцыя

У адрозненне ад таго, што мы бачылі за апошнюю тысячу гадоў, сучасныя найміты заходніх ПВК – гэта не проста добра падрыхтаваныя ўзброеныя людзі, «якіх не шкада» звычайнаму абывацелю. Вайскоўцы такіх кампаніяў маюць падрабязна прапісаныя кантракты, гарантыі і заробкі, якія запэўніваюцца ўсёй дзяржаўнай юрыдычнай сістэмай. Пры гэтым амаль ніколі гэтыя людзі не выкарыстоўваюцца як звычайныя жаўнеры – гэта занадта дорага і неэфектыўна.

Інструктар кампаніі «Triple Canopy» вучыць амерыканскіх жаўнераў абыходзіцца з трафейнай зброяй у Іраку, 2011 год. Фота Sgt. John Couffer

Звычайна ПВК займаюцца тымі задачамі, дзе рэгулярныя вайскоўцы ці спецслужбоўцы не маюць дастатковай колькасці падрыхтаваных спецыялістаў (ад экспертызы ў сферы кібербяспекі ці размініравання да вайсковых перакладчыкаў і інструктараў), альбо калі задача занадта лакальная ці кароткатэрміновая, каб спецыяльна рыхтаваць толькі для яе рэгулярнае войска.

Напрыклад, калі лічыцца, што не мае сэнс губляць для актыўных дзеянняў цяжкаўзброены рэгулярны пяхотны батальён, даручаючы яму ахову нафтавых радовішчаў, у войска наймаюць на вольным рынку вакансіяў людзей з досведам вайсковай ці паліцэйскай службы, якім дастаткова мець лёгкую пяхотную зброю і не трэба цяжкай бранятэхнікі ці артылерыі.

Гэтак, ПВК («Triple Canopy», «Blackwater Security Company», «DynCorp International», Erinys International») атрымлівалі буйныя кантракты на ўтрыманне і тэхнічнае забеспячэнне вайсковых базаў ЗША ў Кувейце, на абарону амерыканскіх дыпламатычных абʼектаў, на рыхтаванне паліцыі і войскаў Іраку, Афганістану.

Расейскі атавізм

З 2014 года атрымала сумную славу расейская так званая ПВК Вагнэра. Але такі назоў структура носіць толькі ўмоўна, у Расеі (і нідзе ў свеце) яна легальна не існуе, ніякія ПВК увогуле не існуюць для расейскага заканадаўства.

Рэпартаж пра паразу «групы Вагнэра» у Сірыі ля мястэчка Хішам. Радіо Свобода Україна

Гэтая нелегальная групоўка – фактычна частка сістэмы ўзброеных сілаў Расеі. Яна рыхтуецца на базах падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння Расеі і выконвае задачы ў інтарэсах Крамля. Пераважна туды набіраюць людзей з досведам службы, часам непасрэдна праз ваенкаматы, плацяць высокі па мерках расейскай правінцыі заробак, аднак амаль без сацыяльных гарантыяў.

Баевікі «Вагнэра» ўдзельнічалі ў канфліктах ва Украіне, у Сірыі, Лівіі. Пры гэтым збольшага іх выкарыстоўвалі як добра падрыхтаваную пяхоту, то бок рэгулярна кідалі ў звычайныя баі з высокімі стратамі ў асабовым складзе. Сітуацыя практычна неверагодная для заходніх ПВК.

У 2018 г. стала вядома пра бой ля сірыйскага мястэчка Хішам, дзе падраздзяленні расейскіх наймітаў панеслі значныя страты ад агню авіяцыі і артылерыі ЗША.

Як часта бывае, Расея сама стварыла тое, у чым рэгулярна вінаваціла Захад: нелегальнае войска з некалькіх тысячаў чалавек, часткова сацыяльных маргіналаў, якія выкарыстоўваюцца як гарматнае мяса, каб кіраўніцтва краіны магло казаць, што ў зоне канфлікту «расейскіх вайскоўцаў няма».

Інтэрв’ю
Былы афганскі журналіст: Талібы – супрацьлегласць чалавечнасці, цёмны розум і жудасныя думкі
2021.08.26 10:00

СК belsat.eu

Стужка навінаў