«Людзі разумеюць, што іх закормліваюць за маўчанне». Як выжываюць дзяржаўныя прадпрыемствы


«Белсат» пацікавіўся ў рабочых пра ўмовы працы і настроі на дзяржаўных прадпрыемствах.

У курылках БМЗ згадваюць звольненых

На Беларускім металургічным заводзе за год тройчы падымалі заробак на 5 %, каб супакоіць рабочых, кажа Аляксандр. Толькі ў гэтым месяцы ўрэзалі прэмію. На думку работніка БМЗ, «запасы канчаюцца, пераходзім да суворых рэаліяў», «напружанне ў паветры расце», «наступную забастоўку ўжо не спыніць».

Здымак мае ілюстрацыйнф характар.
Фота: BelSteelWorks / Facebook

Аляксандр асабіста ведае пра больш за 40 выпадкаў палітычнага звальнення з БМЗ. Частцы працаўнікоў проста не працягнулі кантракту. Яшчэ больш людзей звольнілася на сваё жаданне, «пабачыўшы гэтую сваволю». Хто маладзейшы, перавучваецца ў ІТ, хто старэйшы, ідзе ў дальнабойнікі. Недахоп персаналу адчуваецца: кіраўніцтва БМЗ просіць выходзіць на працу ў выходны або змяніць графік. Але «падвойную аплату забаранілі, ахвочых мала».

«Настроі ў калектыве дваякія: людзі разумеюць, што іх закормліваюць за маўчанне, – кажа Аляксандр пра БМЗ. – Але маўчаць пакуль. Што далей будзе, пэўнасці няма. Няма веры ў стабільнасць. Пра палітыку размаўляць не перасталі, незадаволенасць расце. У курылках згадваюць звольненых і як з імі падступна абышлося кіраўніцтва».

Хоць на заводзе «расказваюць пра стабільнасць», усё часцей псуецца абсталяванне, здараюцца аварыі. Аляксандр тлумачыць гэта дзвюма прычынамі. Першая – няма чым рамантаваць абсталяванне, а новыя дэталі вельмі няякасныя, бо выдаткі на рамонт і абслугоўванне моцна скарацілі. Другая – кіраўніцтва «гоніцца за планам», заплюшчыўшы вочы на тэхналагічны працэс, тэхніку бяспекі і персанал.

На «Белавіі» – спісы на звальненне

Былы працаўнік авіякампаніі кажа «Белсату», што быў звольнены за грамадзянскую пазіцыю і што ў «Белавіі» па-ранейшаму ёсць спісы на звальненне. Людзям з гэтых спісаў ці не працягваюць кантракту, ці проста звальняюць.

Суразмоўца кажа, што многія звальняюцца самі, і што ў аддзеле кадраў такога адтоку людзей не бачылі ніколі. Ён сумняецца, што на «Белавіі» будуць страйкаваць – ад усіх актыўных пазбаўляюцца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Ад дзейных супрацоўнікаў суразмоўца ведае: па-ранейшаму стаіць без справы большая частка парку «Белавіі». Сітуацыя не змяняецца з часу захопу самалёта «Ryanair» і закрыцця паветранай прасторы суседніх краінаў. Заробак на «Белавіі» са жніўня паднялі на 10 % і нават абяцаюць аднаразовую прэмію 870 рублёў.

«Усе баяцца, што калі скончыцца Турэччына і Егіпет, вось тады пачнуцца прастоі і ўсё такое, – перадае суразмоўца тое, што чуў ад работнікаў «Белавіі». – На восень-зіму плануюць шмат самалётаў паставіць на тэхнічнае абслугоўванне. Пераважна «Boeing 737NG», якія цяпер толькі і лётаюць, але грошы гэтым не зарабіць».

На «Слодычы» плацяць удвая менш за «па пяцьсот»

Даведка

Паводле Белстату, сярэдні налічаны заробак у ліпені 2021 года склаў па краіне 1471,7 руб. да вынятку падаткаў і збораў. У прамысловасці нават больш: 1538,1 руб. Самыя высокія заробкі – у горназдабывальнай галіне (2672,2 руб.), вытворчасці коксу і нафтапрадуктаў (2404,9 руб.) і хімічнай вытворчасці (2365,8 руб.), самыя нізкія – у вытворчасці тэкстылю, адзення і вопраткі (1031,9 руб.). У харчовай прамысловасці сярэдні налічаны заробак афіцыйна роўны 1432,2 руб.

Дзяўчына, якая праходзіла практыку на менскай «Слодычы» ў пачатку года, кажа: тыя, хто працуе там па 20 гадоў, атрымліваюць каля 600 руб. Завод у вельмі кепскай сітуацыі, дадае яна. Ёй казалі, што старэйшых звальняюць, каб студэнты прыходзілі і працавалі задарма. Студэнтаў ставяць нават на працу ў начныя змены і на фізічна цяжкія працы.

«Анега» і «Камунарка», дадае яна, хоць крыху плацяць студэнтам, паралельнай групе плацілі на «Камунарцы» па 240 рублёў за месяц.

За тыя грошы, што плацяць пасля навучання маладым спецыялістам, якія выйшлі на працу па размеркаванні, немагчыма зняць кватэру, а пакояў у інтэрнаце цяпер не даюць. Таму ўчорашнія студэнты сыходзяць, як толькі закончыцца адпрацоўка па размеркаванні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. На адным з прадпрыемстваў групы кампаній «Анега».
Фота: ПОДО «Онега» / Facebook

«Старэйшыя працаўнікі нам шмат распавядалі пра тое, як там мала плацяць, аднак акрамя моладзі ніхто сыходзіць не збіраўся, – кажа жанчына. – Шмат каму крыху застаецца да пенсіі, шмат хто ўжо прызвычаіўся з такімі ўмовамі».

На Лідскім ММК заробак вырас на 100 рублёў за пяць гадоў

Супрацоўнік Лідскага мяса-малочнага камбінату расказвае, што атрымлівае ад 850 да 1050 руб., але не ведае, ад чаго гэта залежыць – дакладна не ад адпрацаваных гадзінаў. Ён згадвае, як у 2014 годзе яму плацілі 8 млн руб. за месяц (800 руб. пасля дэнамінацыі), а толькі пры канцы 2019 г. заробак дарос да 900 руб. Часам даюць «трынаццаты заробак» ці экспартавую надбаўку.

Новыя людзі неахвотна ідуць на прадпрыемства, бо каля года ім будуць плаціць усяго 400 руб.

Завод пакуль працуе нармальна, малако прадаецца. Крызісу і санкцыяў на заводзе не баяцца, бо «ўсё малако на Расею ідзе». За перапрацоўкамі сочаць, выконваюць нормы, могуць даць лішні выходны, калі набралася шмат перапрацовак.

З палітычных прычынаў на заводзе, кажа суразмоўца, нікога не звальнялі. «Ябацек» на прадпрыемстве мала – ён ведае толькі пра некалькіх прыхільнікаў улады з 600 чалавек персаналу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

У жніўні 2020 г. на камбінаце пачыналі збіраць подпісы супраць гвалту, але справа хутка заглухла. Гэтым актыўна займаўся толькі адзін чалавек, а астатнія чакалі, калі ім прынясуць ліст на подпіс. Да таго ж, «начальства крыху папужала».

На заводзе ёсць старыя ўсталёўкі і станкі, але і новага абсталявання даволі шмат. Санітарны стан – «на ўзроўні», санстанцыя рэгулярна правярае камбінат, за санкніжкамі сочаць, «але вось прусакоў аніяк не выведуць», дадае суразмоўца.

  • Летась у Беларусі, падчас пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў, упершыню за апошнія 20 гадоў па ўсёй краіне прайшлі стыхійныя забастоўкі на дзяржаўных прадпрыемствах.
Гісторыі
Усё спакойна, але кадры ўцякаюць. Спыталі, што адбываецца на дзяржаўных прадпрыемствах
2021.08.30 18:17

Здымак вокладкі: ПОДО «Онега» / Facebook

АА belsat.eu

Стужка навінаў