Эксперт у адукацыі: Школу ператвараюць у палігон для барацьбы з іншадумцамі


Ужо заўтра беларускія школьнікі сядуць за парты. У чыноўнікаў ад адукацыі ёсць сваё бачанне, як мае выглядаць першы навучальны дзень. Самым маленькім плануюць распавесці пра Канстытуцыю, паняткі «народнае адзінства» і «нацыянальны гонар». Вучням 5–9 класаў зачытаюць цытату Лукашэнкі, у якой ён прапаноўвае «перавярнуць старонку» дзеля захавання «кавалачка зямлі ў цэнтры Еўропы», і паглядзець ягоны выступ, дзе ён кажа, што «мы родную зямлю, незалежнасць і суверэнітэт нікому не аддамо». Таксама 1 верасня ў навучальных установах маюць з’явіцца святары і адмыслоўцы вайскова-патрыятычнага выхавання, якія заменяць школьных псіхолагаў.

Пікет настаўнікаў
Фота носіць ілюстрацыйны характар. Удзельніцы акцыі падтрымання сумленных настаўнікаў у Менску. 25 жніўня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / «Белсат» / Vot-tak.tv

Сваім меркаваннем аб праблемах навучання і анансаванай Лукашэнкам перазагрузцы сістэмы адукацыі з «Белсатам» падзяліўся эксперт у адукацыі, старэйшы аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Андрэй Лаўрухін.

Паводле яго, адмыслоўцы заклапочаныя, што школа робіцца інструментам ідэалагічных рэпрэсіяў, а ўсе праведзеныя дасюль рэформы Лаўрухін называе касметычнымі.

«Змяніць час, з якога пачынаюцца заняткі, з 8-й да 9-й гадзіны – гэта не рэформа. Менавіта такога кшталту былі ўсе так званыя рэформы, якія мы ведаем. Дзякуючы палітычным падзеям і пандэміі людзі ўбачылі, што сапраўды, сістэма адукацыі далёкая ад належнага ўзроўню – і тэхнічнага, і выкладчыцкага, і маральнага.

Hавiны
Улады ўзмоцняць прафілактыку «дэструктыўных паводзінаў» сярод школьнікаў: дапамогуць сілавікі і псіхолагі
2021.08.24 12:43

Мы ўбачылі, што дыстанцыйныя платформы не працуюць. Выкладчыкі ўдзельнічаюць у палітычных інтэрвенцыях з боку ўлады. Больш за 50 % чальцоў выбарчых камісіяў былі выкладчыкі школ. Гэта таксама добры сігнал, што нешта не так».

Эксперт называе магчымыя кірункі рэформы, анансаваныя на рэспубліканскім педагагічным савеце 24 жніўня, жудаснымі. Суразмоўца мяркуе, што ў школе будзе яшчэ больш жорсткая ідэалагічная індактрынацыя, а гэта выклік для выкладчыкаў, бо ім давядзецца весці падвойнае жыццё.

«У сацсетках бачу меркаванні выкладчыкаў, што яны будуць новаўвядзенні сабатаваць. Але ў іх будзе патройная бухгалтэрыя! Першае – тое, чым займаюцца з асалоды з дзецьмі. Другое – цягнуць вялікі воз бюракратычных справаў. А трэцяе – трэба будзе выконваць палітычныя загады. Уявіце, будзе сядзець чалавек, які будзе даглядаць, што, хто і наколькі выконвае. Які маральны і псіхалагічны стан будзе ў гэтых выкладчыкаў?»

Hавiны
Як бацькам абараніць дзяцей ад палітычнага ціску ў школе
2021.06.01 18:30

На думку Андрэя Лаўрухіна, такія новаўвядзенні сапсуюць якасць адукацыі, а школу ператвараюць у палігон для барацьбы з іншадумцамі.

«Нават патэнцыйнымі іншадумцамі, бо невядома, як складзецца свядомасць і грамадзянская ідэнтычнасць дзяцей. Наступствы ўсяго гэтага атрымаюць бацькі. Гэта будзе цэлае пакаленне – непрафесійнае, замбаванае ідэалагічна, з вялікімі псіхалагічнымі траўмамі».

На думку Лаўрухіна, у такіх умовах адукацыя ператворыцца ў барацьбу.

«Выхаваўчы працэс патрабуе адкрытасці і добразычлівасці. Уявім, што прыходзіць бацюшка і амапавец да дзіцяці, у якога бацькі, можа, былі збітыя, якіх катавалі ці якія сядзяць у турмах. Што будзе ў сэрцы і душы гэтага дзіцяці, калі гэтыя людзі будуць расказваць, як трэба айчыну любіць? Усё ператвараецца ў бойку. За што, якая мэта гэтых ахвяраў – галоўнае пытанне. Мэтаў няма».

Рэпартаж
Да тысячы рублёў: як сабраць дзіця ў школу і застацца з грашыма
2021.08.24 08:00

Андрэй Лаўрухін кажа, што людзі мусяць абудзіцца ў справе адукацыі, бо галоўная сіла беларусаў – чалавечы капітал, і каб пераадолець праблемы навучання, трэба браць удзел у абмеркаванні новага Кодэксу аб адукацыі. Увесну дакумент быў ухвалены парламентам у першым чытанні. Другое чытанне мае адбыцца праз тры месяцы.

«Галоўнае, каб вучні, бацькі і выкладчыкі зразумелі ды паспрабавалі за гэты час дагрукацца да тых, у каго сумленне і розум не знік. Патрэбен час асэнсаваць, зрабіць прапановы, дасягнуць кансэнсусу. У нас няма прыродных рэсурсаў, людзі – галоўная наша сіла. Калі яе згубім, у нас не будзе будучыні».

24 жніўня Аляксандр Лукашэнка падчас выступу на Рэспубліканскім педагагічным савеце заявіў пра перазагрузку сістэмы адукацыі. На ягоную думку, школа не можа быць па-за палітыкай.

Hавiны
«Апорныя кропкі каляровай рэвалюцыі». Пра што гаварылі Карпенка і Лукашэнка на рэспубліканскім педсавеце
2021.08.24 19:31

ДР belsat.eu

Стужка навінаў